Пратасеня Мікалай Аляксеевіч — Минский областной центр народного творчества
Минский областной центр народного творчества

Пратасеня Мікалай Аляксеевіч

Народны майстар Беларусі

Пратасеня Мікалай Аляксеевіч, 1957 года нараджэння, беларус. Навучаўся ў Віцебскім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя Кірава. Кіраўнік Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь студыі “Скарбонка” ДУДА “Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі Салігорскага раёна”.

Адным з галоўных накірункаў сваёй дзейнасці майстар і педагог бачыць у рабоце па адраджэнню рамёстваў свайго краю, развіццю нацыянальнай культуры, далучэнню да творчасці дзяцей і падлеткаў. Навучанне ў студыі праводзіцца па аўтарскай праграме кіраўніка студыі “Мастацтва народнай керамікі”.

Мікалай Аляксеевіч Пратасеня з’яўляецца аўтарам салігорскай глінянай цацкі-свістулькі, цацкі-бразготкі, музычнай жанравай цацкі. Ягоныя цацкі-свістулькі маюць характэрныя рысы традыцыйнай народнай цацкі. Яны невялікага памеру, абагуленай формы, стрыманай каляровай гамы, добра ляжаць у руцэ, паўтараюць вобразы традыцыйнай цацкі. Новым творчым пошукам ў рабоце майстра з’явіліся жанравыя музычныя цацкі. Гэта цацка, кампазіцыя якая складаецца з некалькіх цацак-свістулек. Іх галоўным персанажам выступае карова, баран, казёл з якасцямі акарыны. Вырашае майстар свае цацачныя кампазацыі ў больш сучаснай вобразнай трактоўцы.

Цікавай старонкай у творчасці майстра Пратасені М.А. з’яўляецца выраб дэкаратыўнай фігурнай пластыкі: фігурныя ізаморфныя пасудзіны, падсвечнікі, скарбонкі, аловачніцы, капілкі і іншыя дэкаратыўныя вырабы, якая маюць даўнюю традыцыю ў стварэнні нашага і іншых народаў. Традыцыйныя вобразы львоў, мядзведзяў, бараноў і сучасныя – зубра, каровы, пеўня, свінні – знайшлі працяг у аўтарскіх работах Мікалая Пратасені.

У мэтах вывучэння народнага мастацтва майстар-педагог сумесна са сваімі навучэнцамі здзейсніў шмат экскурсій ў краязнаўчыя музеі гарадоў Любань, Клецк, Салігорск, Івянец, Слуцк. Былі праведзены этнаграфічныя экспедыцыі ў цэнтры ганчарнага рамяства в. Дарасіно Любанскага раёна, в. Сіняўка і в. Ганявічы Клецкага раёна па знаёмству з тэхналогіямі стварэння, дэкаратыўнай апрацоўкі традыцыйных гліняных вырабаў.

У мэтах папулярызацыі і далучэння да народнай творчасці педагог таксама праводзіць шмат майстар-класаў па тэхналогіях стварэння, дэкаратыўнай апрацоўкі традыцыйных гліняных вырабаў.

У 2015 годзе М.А.Пратасеня атрымаў грант Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на распрацоўку інавацыйнага асветніцкага пректу “Адраджэнне і зберажэнне ў сучасных умовах тэхналогій вырабу твораў народных промыслаў (кераміка) і іх выкарыстанне ў практыцы работы ўстаноў асветы і культуры”. У рамках рэалізацыі гранта на базе ЦТДзіМ Салігорскага раёну быў праведзены адкрыты фестываль керамічнай цацкі “Гліняны цуд”.

Работу па рэалізацыі праекту “Адраджэнне і зберажэнне ў сучасных умовах тэхналогій вырабу твораў народных промыслаў (кераміка) і іх выкарыстанне ў практыцы работы ўстаноў асветы і культуры” М.А.Пратасеня праводзіць на базе заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь студыі “Скарбонка”. Вядзецца праца па падрыхтоўцы і выданню метадычнага пасобніка “Керамічная цацка Салігоршчыны”.

М.А.Пратасені выказана падзяка Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь за значны асабісты ўклад у захаванне, развіццё і папулярызацыю народнага мастацтва Беларусі (2012 г.).

Для Мікалая Аляксеевіча найбольш каштоўнае – менавіта творчы працэс. Ён бачыць сваю галоўную задачу ў адраджэжнні традыцыйных рамёстваў, прапагандзе беларускай нацыянальнай культуры сярод дзяцей і моладзі. Аўтарскія работы Мікалая Пратасені знаходзяцца  ў музеях Беларусі, Украіны, Расіі, у прыватных калекцыях грамадзян многіх краін.

“У першую чаргу я настаўнік, а ўжо потым – майстар-кераміст” – гаворыць Мікалай Пратасеня.