Осіпаў Яўген Паўлавіч — Минский областной центр народного творчества
Минский областной центр народного творчества

Осіпаў Яўген Паўлавіч

Народны майстар Беларусі

Майстр разьбы па дрэве Осіпаў Я.П. нарадзіўся 2 чэрвеня 1955 года ў г.п.Шуміліна Віцебскай вобласці. У цяперашні час жыве ў в. Лагі Бярэзінскага раёна Мінскай вобласці. Па адукацыі ён выкладчык фізікі і матэматыкі. Ніхто з роду Яўгена Паўлавіча не займаўся разьбой па дрэве, але ж сам майстра сур’ёзна захапіўся  гэтай справай у 45-гадовым узросце. Матэрыялам для першых аўтарскіх работ сталі карэнішчы, з якіх былі зроблены крэслы вышынёй каля двух метраў. З пачатку 2015 года Яўген Паўлавіч працуе метадыстам-майстрам Бярэзінскага раённага цэнтра рамёстваў, з’яўляецца членам Народнага клуба майстроў і вядзе гурток для дзяцей “Школа лыжкарскага майстэрства”.

Сёння ў разьбяра сабрана цэлая калекцыя драўляных вырабаў: насценныя пано, разныя карціны, манументальныя і аб’ёмныя скульптуры. Але ж з прыходам у Цэнтр рамёстваў, Яўген Паўлавіч аддае перавагу вырабу лыжак, бо менавіта  тут знаходзіцца пакой-музей драўлянай лыжкі. Кожная, вырабленая яго рукамі, драўляная лыжка – гэта шэдэўр, своеасаблівы эксклюзіўны твор, бо ідэя, задума і выкананне – гэта яго аўтарскае бачанне і прымяненне яго таленту і майстэрства.

Яўгенам Паўлавічам створаны: помнік “Драўляная лыжка” вышынёй каля трох метраў,  лыжкі з выявай герба нашага горада,  шлюбныя і сямейныя лыжкі. А для тых, хто марыць аб тонкай таліі, майстар вырабіў лыжку ў выглядзе вожыка-альбіноса. Яўген Паўлавіч любіць адлюстроўваць у сваіх творах жыццёвыя гісторыі. У калекцыі творца ёсць дзве лыжкі ў выглядзе сэрца, звязаныя ланцужком. Яны сімвалізуюць вечнае пачуццё – ка­ханне і сталі пачаткам новай калекцыі шлюбных і сямейных лыжак, якую разьбяр плануе завяршыць у бліжэйшы час. Яўген Паўлавіч не пакінуў без увагі і праблемы захавання навакольнага асяроддзя, прысвяціўшы гэтай тэме набор “Беражы прыроду – тваю маці!”.

Выклікае захапленне і ўнікальная калекцыя лыжак, зробленых з 25 парод дрэў, якія растуць на Бярэзіншчыне. Па-майстэрску вытачаныя тронкі з лісточкамі або нават ягадамі і кветкамі падказваюць, што за расліна натхніла разьбяра.

Яўген Паўлавіч з’яўляецца аўтарам эскіза і галоўным разьбяром незвычайнага драўлянага вырабу, які знаходзіцца ў двары Бярэзінскага раённага цэнтра раместваў. Ва ўмелых руках майстра дуб-волат вышынёй больш 23 метраў ператварыўся ў твор мастацтва – велізарную “Лыжку-Цмок”, вырабленую ў выглядзе міфалагічнага ўладара беларускіх азёр і балот. Чарпала  лыжкі дастаткова глыбокае і нагадвае лодку, якая можа вытрымаць вагу  трох чалавек, а таксама на ім красуецца герб горада Беразіно з выявай ліса. “Шкура” Цмока ўпрыгожана нацыянальным арнаментам з сакральнымі сімваламі агню, сонца, маладосці, вясны, дзявочай прыгажосці, мужчынскага пачатку, пладавітасці і мацярынства. Гэта ўнікальная драўляная скульптура адзначана Бярэзінскім раённым выканаўчым камітэтам як “Праект года–2016”.

Яўген Паўлавіч актыўны ўдзельнік выстаў і конкурсаў народнай творчасці, якія з’яўляюцца састаўной часткай шматлікіх мерапрыемстваў: у першую чаргу гэта рэгіянальны свята-конкурс драўлянай лыжкі “Бярэзінскія лыжкары”, які праводзіцца праз кожныя два гады, гэта і Рэспубліканскі фестываль-кірмаш рамёстваў “Вясновы букет”, рэгіянальны свята-конкурс майстроў разьбы па дрэве “Разьбы зачараванне”, абласны свята-конкурс майстроў драўлянай манументальнай скульптуры “Сонечная цеплыня дрэва”, фестываль-кірмаш працаўнікоў сяла “Дажынкі” (раённага і абластнога масштабу).

У 2016 годзе Яўген Паўлавіч узнагароджаны дыпломам за ўдзел у VIII Рэспубліканскім фестывалі-кірмашы рамёстваў “Вясновы букет”. Таксама ў гэтым жа годзе ён з’яўляецца пераможцам раённага і абласнога (лаўрэат 3 ступені), а таксама ўдзельнікам Рэспубліканскага прафсаюзнага конкурса мастацтва працоўных калектываў “Новыя імёны Беларусі–2016”. У чэрвені 2016 года майстар узнагароджаны дыпломам за высокае майстэрства і мастацкі густ у абласным свяце-конкурсе майстроў драўлянай манументальнай скульптуры “Сонечная цеплыня дрэва”. Аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бярэзінскага раённага выканаўчага камітэта метадыст-майстар узнагароджаны Ганаровай граматай за эскіз і выраб самай вялікай драўлянай лыжкі, імкненне прыцягнуць увагу людзей рознага ўзросту да народнай творчасці, папулярызацыю гістарычных ведаў аб драўляным сталовым прыборы і захоўвання традыцый пераемнасці культуры. А 26 снежня 2016 года Яўген Паўлавіч атрымаў званне Народнага майстра Беларусі.

Яўген Паўлавіч – шчыры, сціплы і добры чалавек, унікальны, непаўторны майстра. Для яго праца з дрэвам – нейкая сваеасаблівая барацьба самога з сабой. Як толькі бачыць які-небудзь корч ў лесе, адразу разумее, што ў яго выйдзе з-пад разца.

“Працаваць магчыма з любым дрэвам, галоўнае – акуратнасць і ўважлівасць. З выгляду дрэва можа быць не надта прывабным, але яно мае душу, якую разьбяр павінен адчуваць”, – сцвярджае Яўген Паўлавіч.

Яго фантазія бязмежная і невычарпальная, а лёгкая іронія напаўняе яго драўляныя шэдэўры глыбокім сэнсам і філасофскім гучаннем. Кожны яго твор выклікае яркія эмоцыі, непадробнае здзіўленне і шчырае захапленне. Работы беларускага ўмельца захоўваюцца і ў замежных прыватных калекцыях, а таксама свае вырабы ён ахвотна дорыць сваякам, блізкім, сябрам.