“Штогод вясёлы карагод”. Традыцыйная культура Барысаўшчыны. — Минский областной центр народного творчества
Минский областной центр народного творчества

“Штогод вясёлы карагод”. Традыцыйная культура Барысаўшчыны.

Згодна плана работы ДУК “Раенны цэнтр народнай творчасці” на Барысаўшчыне праходзіць V раённы фестываль фальклорнага мастацтва “Штогод вясёлы карагод”. З 1 красавіка па 1 жніўня 2024 года клубныя ўстановы па графіку рыхтуюць народна-каляндарныя святы, абрады, вечарыны, пазнавальныя фальклорныя праграмы для дзяцей і іншыя мерапрыемствы. У рамках фестывалю праходзяць выставы народнай творчасці, экскурсы па вугалках і музеях сялянскага побыту “Жывая даўніна”. У раённым фестывалі прымаюць удзел дзіцячыя і дарослыя аматарскія калектывы мастацкай творчасці, аматарскія аб’яднанні, клубы па інтарэсах. Па выніках прагляду мерапрыемстваў адбудзецца заключны гала-канцэрт “Кола народных традыцый” і ўзнагароджаннне пераможцаў у розных намінацыях.

На сцэне Стара-Барысаўскага сельскага Дома культуры 11 красавіка журы ў складзе метадыстаў ДУК РЦНТ паглядзелі музычную фальклорную пастаноўку “Купальскі вяночак”: купальскія песні і танцы, сцэнкі і маналогі, а таксама дзіцячыя народныя гульні з удзелам дзіцячага гуртка “Беларусачка”.  Кіраўнік гуртка і аўтар праграмы – Анастасія Загорская.

У Карсакавіцкім сельскім Доме культуры 19 красавіка адбылася фальклорная праграма “Выйду на вуліцу, на лаўцы пасяджу” з удзелам гурта “Вяргіня” (музычны кіраўнік Валянціна Хаценчык). У калектыве 10 чалавек сталага ўзросту. Самай старэйшай выканаўцы песень і прыпевак – Аляксандры Васільеўне Герасімовіч у гэтым годзе споўніцца 90 гадоў. З яе напарнікам па спевах Паўлам Паўлавічам Забалоцкім едуць на рэпетыціі з вёскі Лісіно. Ен трохі маладзейшы за яе – 79 гадоў. Беларускія народныя песні з вуснаў жанчын льюцца складна і мілагучна. Жартаваць і байкі расказваць яны таксама ахвочыя, а “Лісінскія прыпеўкі” заўседы выконваюць напрыканцы выступлення, іх складае кіраўнік калектыву. Яна для артыстаў ва ўсім прыклад для пераймання.

У аграгарадку Забалоцце ў доме культуры працуюць таксама таленавітыя людзі. Загадчыца Святлана Даўгушына і культарганізатар Людміла Карпоўская сабралі ў вугалок сялянскага побыту калекцыю вышыванак, карцін з бісеру, нарабілі сваімі рукамі лялек з тканіны,  вязаных дываноў. У рамках фестывалю побыт нашых продкаў, гасціннасць і старадаўнюю беларускую культуру прадставілі на вечарыне “Калі ласка ў нашу хату” работнікі ўстановы і ўдзельнікі калектываў мастацкай творчасці Забалоцкага сельскага Дома культуры.