Cтрэльчанка Мікалай Фёдаравіч — Минский областной центр народного творчества
Минский областной центр народного творчества

Cтрэльчанка Мікалай Фёдаравіч

Народны майстар Беларусі

Традыцыйныя рамёствы – важная частка матэрыяльнай культуры кожнага народу. Беларусь здаўна славіцца сваімі майстрамі, і Міншчына з’яўляецца яркім таму доказам. Працуюць тут таленавітыя майстры-ганчары, але асаблівай увагі заслугоўваюць працы Мікалая Фёдаравіча Стрэльчанкі.
Яго імя, як і яго гліняныя вырабы, добра вядомыя жыхарам Лагойшчыны.

Мікалай Фёдаравіч нарадзіўся ў вёсцы Лазараўка Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці. Да 1985 года вучыўся ў школе, якая размяшчалася ў суседняй вёсцы Капароўка. Атрымаўшы базавую адукацыю, ён паступіў у Гомельскае тэхнічнае вучылішча па спецыяльнасці “машыніст халадзільных установак”. Адслужыў у арміі, вучыўся ў аўташколе і працаваў вадзіцелем.
Працоўная дзейнасць, звязаная з ганчарным рамяством, пачалася ў 1994 годзе на Рэчыцкім заводзе мастацкай керамікі. Адпрацаваўшы там некалькі гадоў, Мікалай Федаравіч атрымаў спецыяльнасць ганчара 5-га разраду. Пасля пераезда на Міншчыну некаторы час працаваў на заводзе мастацкай керамікі ў Радашковічах.

З 2000 года стаў займацца лепкай і вырабам дэкаратыўных кампазіцый у традыцыйным стылі. Дасканала валодае навыкамі працы на ганчарным коле. На працягу апошніх гадоў Мікалай Фёдаравіч працуе майстрам-метадыстам Лагойскага раённага дома рамёстваў. Дзякуючы гумару,багатай фантазіі і мастацкаму густу яго вырабы адрозніваюцца арыгінальнымі сюжэтамі. Веданне фальклорнай традыцыі беларускага народа майстар увасабляе ў прадметах хатняга побыту, кампазіцыях, сюжэтах, цацках з рознымі вобразамі: фігурах жанчын і мужчын, птушак і звяроў.

Мікалай Фёдаравіч Стрэльчанка – пераможца ў шэрагу абласных і рэспубліканскіх мерапрыемстваў: дыпламант абласнога свята-конкурсу «Гліняны звон» (2002, 2006 гг.) у намінацыях: «За высокі прафесійны ўзровень і мастацкі густ майстра-ганчара», «За шпаркасць у працы і якасць ганчарных вырабаў». У 2011 годзе стаў лаўрэатам у намінацыі «За высокае прафесійнае майстэрства, мастацкі густ і асаблівы ўклад у развіццё традыцый ганчарства» на абласным фестывалі аб'яднанняў «Святло творчасці, святло захапленняў» ў горадзе Маладзечна. Удзельнік абласнога фестывалю «Напеў зямлі маёй» (горад Мар'іна Горка), абласной выставы-кірмаша народных рамёстваў і промыслаў «Камарова – кола дзён» (Мядзельскі раён, вёска Камарова); Рэспубліканскага свята паэзіі, пісьменства, свята-конкурсу «Ганчарнае кола» (2004 г.); Рэспубліканскага фестывалю-кірмашу рамёстваў «Вясновы букет » (г. Мінск, Слуцк, Рэчыца, Ліда і інш.); Рэспубліканскіх фестываляў-кірмашоў “Дажынкі”; Міжнароднага фестывалю “Славянскі базар у Віцебску” (штогод з 2001 года).

У студзені 2012 года майстар атрымаў спецыяльную прэмію Мінскага абласнога выканаўчага камітэта за асаблівы ўклад у беларускую традыцыйную культуру. З мая 2013 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза народных майстроў.

Мікалай Фёдаравіч вельмі працавіты чалавек, які не можа спыніцца на дасягнутым. Ён заўсёды ў творчым пошуку, і мы ад яго чакаем новых цікавых знаходак, якія ён разглядае ў падатлівай гліне.