Раманчук Іван Клеафасавіч — Минский областной центр народного творчества
Минский областной центр народного творчества

Раманчук Іван Клеафасавіч

Народны майстар Беларусі

Нарадзіўся Іван Клеафасавіч у в. Раманчукі Глыбокскага раёна, Віцебскай вобласці. Бацька яго быў  ці не лепшым ў наваколлі столярам і плотнікам, і ад яго перадалася сыну любоў да крапатлівай ручной працы. Маці працавала паляводам, потым – цялятніцай. У 1984 годзе Іван Клеафасавіч паступіў у Бабруйскае СПТВ №15 і праз два гады (1986) скончыў яго па спецыяльнасці ганчар-фармаўшчык. Разам са сваёй жонкай Таццянай працаваў спачатку ў Радашковічах на заводзе мастацкай керамікі, потым мастаком-афарміцелем у Лагойску. На працягу некаторага часу працаваў у Лагойскім Доме рамёстваў. Зараз – кіраўнік гуртка керамікі ў Доме дзіцячай творчасці.

Іван Клеафасавіч вельмі працавіты чалавек, які не можа астанавіцца на дасягнутым. Ён заўсёды ў пошуку. Калі выдаецца вольная хвіліна, ён працуе: або на рабоце са сваімі вучнямі, або дома, дзе яму дапамагаюць жонка і дзеці.
Кожны выраб – вынік несупыннага творчага пошуку. Асноўныя сродкі яго тэхналогіі – гліна, вада і агонь. Трэба адзначыць адметную якасць вырабаў Раманчука. Уражвае не толькі вытанчанасць формы, але найперш колер. Адны вырабы пераўтвараюцца ў попельна-чорныя, другія набываюць карычневатае ці зеленаватае адценне. У хатняй калекцыі майстра можна ўбачыць розны сувенірны посуд: гладышы, збаны, глякі, слоікі, спарышы і інш. Сярод іх не знойдзеш аднолькавых – яны адрозніваюцца і па форме, і па размеру, і па колеру.