Насановіч Міхаіл Аркадзьевіч — Минский областной центр народного творчества
Минский областной центр народного творчества

Насановіч Міхаіл Аркадзьевіч

Народны майстар Беларусі

Таленавіты мастак, летуценнік, сапраўдны майстар па ажыўленню гліны. Скончыў Бабруйскае мастацкае ПТВ па спецыяльнасці “вытворца мастацкіх вырабаў з керамікі”. Доўгі час працаваў загадчыкам ганчарнай майстэрні Любанскага раённага Цэнтра культуры. Разнастайнасць прадукцыі, якую вырабляе Міхась Насановіч, неабмежаваная: ад маленькай сувенірнай дробязі – да вялікай, аб’ёмнай рэчы.

А пачыналася ўсё з дзяцінства, з захаплення Міхася маляваннем. Маляваў усюды і на ўсім: на кавалачках паперы, шпалерах, картонных абрыўках, на зямлі цурачкай.

Сям’я была вялікай, бацька хварэў, маці было цяжка выхоўваць пяцярых дзяцей – 4 хлопцы і 1 дзяўчынка. Таму Міхасю прыходзілася выконваць далёка недзіцячыя абавязкі па хатняй гаспадарцы. Зразумела, што вучоба крыху была запушчана з-за гэтага, і дзе вучыцца далей - выбар быў зроблены хутка. Спачатку хлапчук паступіў ў Любанскае ПТВ-201, дзе атрымаў спецыяльнасць электрыка. Але творчая душа Міхася не доўга змагла вытрымаць такое “электравыпрабаванне”. Талент рваўся наверх, і, дзякуй Богу, выйсце знайшлося.

Міхаіл Аркадзьевіч спазнаў сакрэты мясцовых Дарасінскіх майстроў, працягвае іх традыцыі. Гаршкі, збанкі, гладышы, кубкі, міскі “Дарасінскі почырк” можна адразу вызначыць, паглядзеўшы вырабы Міхася. Ён з годнасцю распавядае пра мясцовыя традыцыі ганчарства.

Зараз Міхаіл Аркадзьевіч Насановіч працуе настаўнікам мастацкай керамікі і ганчарства. У яго - 14 вучняў.