«ТВОРЧЫ КАЛЕЙДАСКОП» — Минский областной центр народного творчества
Минский областной центр народного творчества

«ТВОРЧЫ КАЛЕЙДАСКОП»

Дарэчы, ці ведаеце вы, што такое «калейдаскоп»? У дзяцінстве людзей сярэдняга і старэйшага пакалення была такая найцікавейшая цацка – часцей за ўсё ў выглядзе трубкі, якая змяшчала ўнутры сябе розныя па колеру і памеру люстраныя шкельцы. Пры паварочванні трубкі ў розныя бакі каляровыя элементы, змешчаныя ўнутры за люстэркамі, адлюстроўваліся і пераліваліся рознымі ўзорамі. За гэтым можна было доўга назіраць, гледзячы ў маленькае «акенца» трубкі.
Падобны цікавы калейдаскоп прыдумалі і ўдзельнікі «Жывіцы». Толькі складаўся ён з вершаваных радкоў, музычнага стану, розных тонаў, пачуццяў, эмоцый, рухаў… А гэта значыць – вершаў, песень, прыгожай музыкі. А дапамагалі ўсяму прыгожыя здымкі ўрыўкаў восені, якія адлюстроўваліся на тэлеэкране і мяняліся разам з тэматычным напаўненнем канцэртнай праграмы.
Вядучымі канцэрта таксама былі ўдзельнікі «Жывіцы» – кампазітар і выканаўца Валянцін Каваліў і паэт і выканаўца Настасся Швядко. Настасся і распачала выступленні сваім вершам «Красота уйдёт с годами».
Затым са сваімі вершамі «Бачу Беларусь такой» і «Вёска дзяцінства» выступілі барысаўчанка Алена Брыцкая і Галіна Нупрэйчык з горада Клецка. Як заўсёды бывае ў канцэртнай праграме, вершы змянялі пеенныя кампазіцыі, і ўсё працягвалася так прыгожа ды ладна, быццам пад лёгкі ветрык ляцела на арэлях восенскага лістапада.
Да мікрафона выходзілі паэты Вячаслаў Палубінскі (г.Барысаў) і Мікалай Марын (Пухавіцкі раён), Валянціна Шчарбакова (г.Нясвіж) і Таццяна Цвірка (г.Клецк), Валянціна Акулёнак (г.Салігорск) і Марына Шапавалава (Мінскі раён), Уладзімір Цанунін (г.Вілейка) і Анатоль Шкода (г.Заслаўе), Людміла Валасевіч (г.Барысаў) і Валянціна Бабко-Аляшкевіч (Салігорскі раён), Марыя Лебядзько (Стаўбцоўскі раён) і Галіна Нічыпаровіч (Уздзенскі раён). У праграме было і вельмі ўсім спадабалася танцавальнае сола: прыгожы харэаграфічны нумар на суд гледачоў прапанавала Кацярына Цыганкова. Яна танцавала пад песню «Я да цябе ішла», якую выконвала Настасся Швядко (словы – Зінаіды Гасціловіч з Валожынскага раёна, музыка – Ірыны Карнаухавай).