Раманеня Раіса Аляксандраўна — Минский областной центр народного творчества
Минский областной центр народного творчества

Раманеня Раіса Аляксандраўна

Народны майстар Беларусі

З 1982 года яна працуе педагогам дадатковай адукацыі ў ДУДА “Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі Салігорскага раёна”, з’яўляецца кіраўніком Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь студыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Беларускі сувенір”. Яна адна з тых майстроў, якія маюць вышэйшую мастацкую адукацыю – у 1998 годзе скончыла Беларускі ўніверсітэт культуры. Раіса Аляксандраўна валодае ўсімі тэхнікамі працы з саломкай, якую вывучала ў Бабруйскім мастацкім вучылішчы, затым самастойна асвоіла аплікацыю і пляценне.
Дыяпазон майстра – вялікі і разнастайны. Вялікодныя яйкі, выкананыя ў тэхніцы інкрустацыі, вельмі дэкаратыўныя, насычаныя прыгожым аздабленнем, нясуць у сабе як нацыянальныя рысы, так і асабісты погляд майстрыхі, яе светаўспрыманне. Кожная такая праца лагічна і эстэтычна завершана, адчуваецца шчырасць і высокая патрабавальнасць майстра да сябе.
Плеценыя вырабы Раісы Аляксандраўны – гэта асаблівая старонка яе творчасці. Сонечныя і светлыя творы, як дарэчы і сама майстрыха, быццам бы аддаюць назбіранае сцяблом сонечнае цяпло і ўкладзеныя ў працу радасць і смутак, святло душы.
Раіса Раманеня з вялікім задавальненнем займаецца вырабам дываноў і дэкаратыўных пано ў тэхніцы аплікацыі. Амаль забыты від дзейнасці майстрыха разам са сваімі вучнамі ўзнавіла, узяўшы за аснову традыцыі народных майстроў паўднёвага рэгіёна Мінскай вобласці. Сёння яе працы добра ведаюць не толькі ў вобласці, але і за межамі Беларусі. Найбольш вядомыя працы Раісы Аляксандраўны “Свята” і “Зубр” знаходзяцца ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Рэспублікі Беларусь.
Асаблівая любоў майстра – жаночыя галаўныя ўборы. Дасканалыя па тэхніцы выканання, яны ўражваюць гарманічным спалучэннем прыроднага колеру саломкі, кампазіцыйным вырашэннем. Такі галаўны ўбор змяняе твар дзяўчыны, робіць яго мілавідным, цікавым.
Раманеня Раіса Аляксандраўна – выдатнік адукацыі, адзначана граматамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Падзякамі губернатара Мінскай вобласці, Упраўлення адукацыі Мінскай вобласці.