Сівіцкая Галіна Мікалаеўна — Минский областной центр народного творчества
Минский областной центр народного творчества

Сівіцкая Галіна Мікалаеўна

Народны майстар Беларусі

Яшчэ падлеткам Галіна Мікалаеўна не магла адарваць вачэй ад прыгожых вясковых вышыванак у ружы, валошкі, макі і ад вясковых вышывальшчыц. Сама пачала вышываць з дзевяці гадоў пераймаючы майстэрства, мастацкія прыёмы ад маці і суседак.  Спрабавала вышываць крыжыкам, сцебяльком, насцілам але ж найбольш улёблёная тэхніка – шматколерная адвольная гладзь. “Гэта ж як бы малюеш нітачкамі” кажа сама майстрыха. На вышыўках Галіны Мікалаеўны рознаманітныя кветкі, якія яна сама малюе і потым вышывае. Крыніцай натхнення для вышыўкі служыць навакольная прыроды і уласны багацейшы кветнік. Вышытыя работы майстрыхі маюць завершаны мастацкі выгляд, аздоблены вышытым берагам, ці абвязаны шыдэлкам, ці ўпрыгожаны карункамі. У майстрыхі вельмі дасканалае пачуццё гармоніі, што праяўляецца ў завершанасці кампазіцыі твораў.

Майстэрства вышывальшчыцы на самым высокім узроўні, кожная нітачка нібы дасканалы мазок пэндзлем. Кветкавыя вясёлкі на вышыўках то збіраюцца ў букеты, то завіваюцца ў вяночкі, то рассыпаюцца па усім полі, то канцэнтруюцца ў лініі ці палоскі. Больш буйныя кветкі абрамляюць драбнейшыя і дапаўняюць сакавіта-зялёныя лісточкі. Здаецца што кожная кветачка паглядае на цябе сваім каляровым вокам. Кветкавы рай з руж, макаў, васількоў, вяргіняў, незабудак, рамонкаў, віолы, вінаграду, гладыёлусаў, лілей, вьюнкоў, цюльпанаў выглядае проста як жывы, здаецца што нават пах адчуваецца. А ёсць цалкам фантастычныя працы, усё з тых жа кветак сабрана вышыванка пад назвай “рэчка” і міма волі бачыш рачную гладзь, і хвалі вады, і прыгожыя кветкавыя берагі.  Уся кветкавая рапсодыя на бялюткім фоне, толькі з рэдку для фіранак выкарыстоўваюцца ружовыя ці блакітныя тканіны.
Цяпер у майстра ёсць свае вучні: пры Камунараўскім СДК дзейнічае аматарскае аб’яднанне “Свой стыль”, для удзельнікаў якога Галіна Мікалаеўна праводзіць майстар-класы па вышыўцы. Кожную вольную хвілінку яна праводзіць з іголкай. Заўжды ёсць распачатая работа.Толькі сканчаецца папярэдняя вышыванка як ужо пачынаецца новая.

Майстарыха прымала ўдзел у шматлікіх раённых і абласных святах, фестывалях якія упрыгожвала сваёй вышыванай вясёлкай.
Пра сябе Галіна Мікалаеўна кажа: “Я здаецца, толькі тады шчаслівая, калі з іголкай ў руках, і ўвесь час хочацца штосьці новае прыдумляць.”