Мацкевіч Вольга Дзмітрыеўна — Минский областной центр народного творчества
Минский областной центр народного творчества

Мацкевіч Вольга Дзмітрыеўна

Народны майстар Беларусі

Вольга Дзмітрыеўна нарадзілася ў сям’і калгаснікаў.  Яна была самым  малодшым, трэцім дзіцем у сям’і. Яе бацькі жылі на Падмаж’і, каля вельмі выдатнай ткачыхі, майстрыхі ткацкай справы Шыкуць Вольгі Маркаўны, ад якой маленькая Волька пераняла шмат тонкасцей па ткацтву ўзорных тканін. Ад матулі вучылася апрацоўваць лён, прасці ніткі, ад яе ж пераняла і закладную тэхніку ткацтва чырвона-белых ручнікоў, а таксама тэхніку ткацтва ў 6 і 8 нітоў. З 18 гадоў Вольга шмат чаго ведала, ткала самастойна, была ўжо майстрам на высокім узроўні. Вялікае майстэрства ткачыхі праявілася ў афармленні дываноў. На шырокім вярстаце, запраўленага ў два ніты, яна ткала самыя разнастайныя кампазіцыі.
У 1957 годзе выйшла замуж за прыгожага мясцовага хлопца. Нарадзіла двух сыноў. Увесь час да пенсіі адпрацавала на ферме. Ткаць любіла заўсёды, была здольна да гэтага. Многія ўзоры прыдумвала сама, у некаторых змяняла нейкія элементы і ўжо выходзіў зусім іншы ўзор. Любіла перабіраць маргухі ў розных варыянтах, любіла таксама ткаць дарожкі ў розных тэхніках, посцілкі пераборам і матрушкамі.

Пра майстрыцу з залатымі рукамі часта пішуць у газетах і часопісах. З’яўляецца актыўнай удзельніцай клуба “Семяжовачка” пры Семежаўскім цэнтры культуры і адпачынку.  Яна вельмі кампанейскі чалавек, ніколі не адмаўляецца, калі запрашаюць на мясцовыя, раённыя мерапрыемствы, і з вялікім задавальненнем наведвае іх.

Яе вырабы знаходзяцца ў фондах Капыльскага Краязнаўчага музея, Слуцкага Краязнаўчага музея, у музеях Мінска. Вырабы экспанаваліся на раённых, абласных, рэспубліканскіх выставах, выставах у Маскве.
Вось такі чалавек, заўсёды з добразычлівай усмешкай, які дорыць людзям прыгажосць сваёй справы, жыве на Семежаўскай зямлі – краі, дзе майстэрства і талент людзей не маюць межаў.