Яскевіч Ірына Васільеўна — Минский областной центр народного творчества
Минский областной центр народного творчества

Яскевіч Ірына Васільеўна

Народны майстар Беларусі

Ірына Васільеўна Яскевіч нарадзілася ў вялікай сям’і ў вёсцы Кузьмічы Любанскага раёна. Працавітыя і шчырыя бацькі з ранняга дзяцінства прывучылі да адказнага стаўлення да справы. Мама рана памерла, але пакінула пра сябе славу найлепшай ткачыхі на ўсю вёску. Ірына Яскевіч узгадала пра гэты факт ужо замужам, у Камуне. Жанчыне хацелася не толькі быць падобнай на роднага чалавека, але і ў майстэрстве не адстаць. А распачалося ўсё са звычайнанага факта – у сельскі клуб падаравалі ткацкі станок. Тады пачаліся пошукі тых, хто ўмее яго сабраць, снаваць, навіваць, запраўляць, накідаць і ткаць. Надзейным настаўнікам стала Камунараўская ткачыха Мазур Кацярына Ціханаўна.
Ірына Васільеўна знатны ў раёне і нават у вобласці майстар, ткачыха з велізарным запасам ведаў і не меншым жаданнем пазнаваць новае, тое, што яшчэ не спрабавалася. Першае, што ткала Ірына Васільеўна, быў ручнік. Сёння майстрыха валодае двухнітовым, трохнітовым, “закладным” па-мясцоваму, “аднабаковым пераборам” па-літаратурнаму, браным, чатырохнітовым, васьмінітовым спосабомі ткацтва ручнікоў.

На сваіх кроснах выткала копію строю вёскі Обчын Любанскага раёна, ў які уваходзіць кашуля з тканымі плечавымі ўстаўкамі, палікамі, каўнерыкам і манжэтамі, фартух, намітка і клятчатая ільняная панёва. Строй гэты з задавальненнем дэманструецца самой майстрыхай на ўсіх вялікіх і малых святах. Ткаўся строй па канонах даўніх майстрыц – нездарма ён атрымаў адзін з найлепшых дыпломаў на абласным свяце па ўзнаўленню народнага касцюма Міншчыны.
Спрытныя рукі і нестомная прага да новага прымусіла майстра авалодаць мастацтвам ткацтва паясоў. Тчэ іх Ірына Васільеўна на бярдзечку, на дошчачках, рукамі і на кроснах. Простыя, без узораў паясы ткуцца па тры - пяць запар на кроснах і маюць назву на Любаншчыне – “дзягі”. Ткацтва такіх пясоў па-любанску аднавіла менавіта гэта майстрыха.
Ірына не супыняецца на дасягнутым, пастаянна ў творчым пошуку. “Так хочацца ткаць, як дыхаць. Я і дня немагу без кросен, хоць на хвіліначку а ўсё роўна прысяду,” – кажа пра сябе майстрыха.