Традыцыя закладнога ткацтва чырвона-белых ручнікоў аг.Семежава Капыльскага раёна
- 29.11.2021 11:50
- 528
Даследчыкі лічаць, што закладное ткацтва з'яўляецца адной з найбольш старажытных тэхнік народнага ткацтва на Беларусі. Тып семежаўскіх ручнікоў развіваўся на працягу XIX – першай паловы XX ст. Усе арнаменты ў мясцовых ткачых распазнавальныя, кожны мае адпаведную па форме і змесце ўласную назву. Капыльскія закладныя ручнікі ўпрыгожвалі пакупнымі ці вязанымі кручком карункамі. Яны чырвона-белыя, маюць фестончатую форму, што добра спалучаецца з тканым узорам. Але нярэдка ручнікі ўвогуле не маюць дадатковых аздоб і завершаны толькі невялічкімі махрамі з нітак асновы. У асноўным яны мелі абрадавае прызначэнне.
Традыцыі закладнога ткацтва ў вёсцы Семежава захаваліся з даўніх часоў, хоць такая тэхніка была раней распаўсюджаная не толькі ў Мінскай, але і ў Гомельскай, Магілёўскай абласцях. Ад XIX стагоддзя іншыя рэгіёны адышлі ад гэтай методыкі, на Капыльшчыне ж яна выкарыстоўвалася аж да 1980-х. Вядома больш за 20 узораў, вытканых мясцовымі майстрыхамі ўручную. Цяпер традыцыі працягваюць у школе ткацтва, створанай у Семежаве па сумесным праекце ЕС і ПРААН «Устойлівае развіццё на мясцовым узроўні».
Уся дзейнасць Капыльскага раённага цэнтра ткацтва ў аг.Семежава (далей – РЦТ) накіравана на захаванне, зберажэнне і папулярызацыю лепшых твораў народных майстроў ткацтва.
Буйныя і лаканічныя па формах матывы геаметрычнага арнаменту маюць больш за 20 мясцовых назваў. За 2015 год знойдзены назвы ўзораў шурпа, лупач, касіца, шпорка, парогі.
На працягу мінулага года выставачны фонд РЦТ папоўніўся вытканымі ручнікамі з арнаментамі кашачая лапка, п’яўка, бярозавы лісток, бубна, арловы ножкі.
Народны майстар Беларусі В.М.Кіеня перадала свой вопыт па ткацтву закладных ручнікоў дырэктару РЦТ Т.М.Волкавай, а яна, ў сваю чаргу, перадала свае веды новаму майстру-метадысту Н.У.Сафронавай, якая пачала працаваць у РЦТ з 2014 года. У лістападзе 2015 года ў цэнтры стала працаваць майстрам-метадыстам яшчэ адна ткачыха – народны майстар Беларусі В.В.Мікалаевіч.
Перадаюцца навыкі і майстэрства ткацтва юным прыхільнікам народнага мастацтва – навучэнцам “Школы ткачоў”. Вучні школы з задавальненнем праводзяць экскурсіі па экспазіцыі Цэнтра ткацтва, расказваюць аб асаблівасцях семежаўскага закладнога ткацтва. У школе ткачоў працуе таксама гурток “Семежазнаўства”, праграма якога ўключае цыкл гутарак па ткацтву.
На працягу года РЦТ наведалі і пазнаёміліся з закладнымі ручнікамі госці з Германіі, Расіі і Украіны, школьнікі Капыля, Нясвіжа, Клецка, выкладчыкі УА “Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт”.
Закладное ткацтва чырвона-белых ручнікоў аг.Семежава Капыльскага раёна ў 2015 года было прэзентавана на выставах майстроў народнай творчасці падчас правядзення абласнога свята рамёстваў “Слуцкія паясы” (верасень, г. Слуцк) і абласнога фестываля-кірмаша працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2015” (лістапад, г. Вілейка).
На працягу года для вучняў сярэдніх школ Капыльскага раёна праведзены інфармацыйныя гадзіны “Шляхамі традыцый ткацтва”, “З крыніц адвечнай прыгажосці”, “Шматлікасць тэхнік ткацтва на Капыльшчыне”, “Далёкіх продкаў рамяство”. 10 красакавіка 2015 г. арганізаваны вечар-сустрэча з народным майстрам Беларусі В.К.Гладкай “Душы і рук узоры” з нагоды яе 80-годдзя з дня нараджэння.
Для вучняў у перыяд летніх школьных канікулаў праводзіліся тэматычныя забаўляльна-гульнёвыя праграмы “В гостях у старины глубокой” і “Адкуль узялася кашуля”. З чэрвеня па жнівень 2015 года чырвона-белыя семежаўскія ручнікі дэманстраваліся на 28 выставах, выстава вырабаў мясцовых майстроў аг.Семежава і навучэнцаў “Школы ткачоў” была арганізавана і на свяце аг.Семежава (17.10.2015 г.).
У 2015 годзе інфармацыя аб мерапрыемствах па папулярызацыі закладнога ткацтва чырвона-белых ручнікоў аг.Семежава асвятлялася ў газеце Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі “Беларускі час” і рэгіянальнай газеце “Слава працы”, радыёпраграмах радыястанцыі “Мінская хваля”.
Усё гэта робіцца для таго, каб ніць народнага мастацтва, якая бярэ пачатак з глыбіні стагоддзяў не перарвалася, а цягнулася ў будучае. Сёння можна з упэўненасцю сказаць, што аналагаў ткацтва чырвона-белых семежаўскіх ручнікоў на Беларусі няма, таму гэтую спадчыну нам трэба захоўваць і памнажаць.
Поделиться в:
- 12.11.2024 10:04
IV районный детский конкурс «Мини-Мисс и Мини-Мистер БОРИСОВ – 2024»
- 11.11.2024 14:17