Традыцыя ткацтва паясоў у Валожынскім раёне (аграгарадкі Сакаўшчына і Ракаў) — Минский областной центр народного творчества
Минский областной центр народного творчества

Традыцыя ткацтва паясоў у Валожынскім раёне (аграгарадкі Сакаўшчына і Ракаў)

Традыцыя ткацтва паясоў на Валожыншчыне адметная тэхналогіяй ткацтва “на ніту” – раней распаўсюджаная па ўсёй тэрыторыі Беларусі, але менавіта ў Валожынскім раёне захаваная носьбітам традыцыі Марыяй Мікалаеўнай Стасяловіч. Цікавы спосаб замацавання нітак падчас ткання: аснова не прывязваецца да нерухомага прадмета для стварэння нацяжэння, а замацоўваецца на таліі і выцягнутай назе ткачыхі. Гэта дазваляе ткаць там, дзе няма зручнага прадмета для мацавання асновы. Валожынскія паясы – гэта вузкія ўзорыстыя “тасёмкі”. Шырыня паяскоў не перавышае 2 см. Яны рознакаляровыя і выраблены як з ільняных і шарсцяных нітак хатняга прадзення, так і з пакупных баваўняных нітак. Пераважаюць адценні барвовага, белага альбо шэрага і ружовага колераў. Дапаўненнем служаць ніткі чорнага, зялёнага, жоўтага, фіялетавага колераў і інш. Арсенал арнаментальных элементаў валожынскіх паясоў мае шмат агульнага з паясамі суседняй Гродзенскай вобласці (гісторыка-культурны рэгіён Панямонне), аднак ён з’яўляецца вузейшым. Канцы паясоў аздабляюцца прыгожымі кутасамі, кароткімі ці доўгімі махрамі. Валожынскія паясы актыўна выкарыстоўваюцца мясцовай супольнасцю: адноўлены мясцовы строй у сладзе якога важнае месца займае пояс, з выкарыстаннем паяскоў здзяйсняюцца вясельныя абрады, дзейнічаюць 2 гурткі па ткацтве для дзяцей.

Ткацтва пояса на Валожыншчыне адрадзілася і мае працяг дзякуючы вопытным майстрам. Сярод іх непаўторнасцю работ вылучаюцца народныя майстры Беларусі Марыя Мікалаеўна Стасяловіч з вёскі Сакаўшчына і Хрысціна Станіславаўна Лямбовіч з мястэчка Ракаў.
Марыя Мікалаеўна не толькі адрадзіла ткацтва пояса “на ніту”, але і з задавальненнем перадае свой вопыт і веды дзецям, моладзі і дарослым. Нягледзячы на свой шаноўны ўзрост (89 гадоў), Марыя Мікалаеўна праводзіць майстар-клас у сябе дома і ў мясцовым Сакаўшчынскім сельскім Цэнтры культуры (для дзяцей школьнага узросту, а таксама работнікаў устаноў культуры раёна) .
Хрысціна Лямбовіч кіруе гуртком “Ткачыкі” Ракаўскага Цэнтра народнай творчасці, дзе перадае свой вопыт дзецям і моладзі. Яна праводзіць майстар-класы “З паяском праз усё жыццё”, “Стракаты паясок абвіў пузаценькі глячок”, “Ад прадзедаў спакон вякоў” і інш. Паясы Х.Лямбовіч выкарыстоўваюцца ў вясельных і радзінных абрадах, а таксама як сувенірная прадукцыя.
Наталля Хаванская (в.Сакаўшчына), Наталля Лукашык (в.Суднікі) – актыўныя ўдзельнікі мерапрыемстваў рознага ўзроўню (выставы, фестывалі, святы-конкурсы). Усе яны кіруюць гурткамі па ткацтву пояса “на ніту”, дзе захоўваюць тэхналогію, адроджаную М.Стасяловіч.

На працягу 2015 года ўдзельнічалі ў выставах і праводзілі майстар-класы падчас правядзення наступных культурных мерапрыемстваў: Рэспубліканскі фестываль-кірмаш “Вясновы букет” (г. Мінск); кірмаш народных рамёстваў “Камарова. Кола дзён” (г. Мядзел); Рэспубліканскі фестываль харавога мастацтва “Пеўчае поле” (г.Мядзел);абласное свята рамёстваў “Слуцкія паясы” (г.Слуцк); свята возера Мястра (г.Мядзел);абласны семінар “Турыстычныя маршруты Валожыншчыны” (Валожынскі раён);свята горада Валожын; “Ракаўскі кірмаш” да 550-годдзя мястэчка Ракаў;раённае свята гумару “Дубінскія жартачкі” (в.Дубіна Валожынскага раёна);раённы семінар-практыкум для работнікаў клубных устаноў “Роля ўстаноў культуры Валожынскага раёна ў папулярызацыі народнай творчасці” і іншых.

У 2015 годзе тэхніка ткацтва пояса “на ніту” прадэманстравана валожынскімі майстрамі на тэлепраграмах “Навіны рэгіёна” (тэлеканал Беларусь 1, эфір 28 лютага, 1 сакавіка), “Утро. Студия хорошего настроения” (тэлеканал СТБ, эфір 17 чэрвеня).
У клубных установах Валожынскага раёна  праводзяцца выставы, майстар-класы, гутаркі і вечары-ўшанавання майстроў па ткацтву пояса.
У рэгіянальным метадычным выданні “Клубны веснік” друкуецца інфармацыя “Майстры ткацтва пояса “на ніту”. Пакой беларускага пояса ў Сакаўшчынскім сельскім Цэнтры культуры быў папоўнены новымі экспанатамі.
Носьбіты традыцыі з пашанай і гонарам ставяцца да дадзенай традыцыі і лічаць яе неад’емнай часткай мясцовай культуры, якую трэба захоўваць і перадаваць нашчадкам. За папулярызацыю ткацтва пояса і актыўны ўдзел у мерапрыемствах абласнога і раённага ўзроўню носьбіты нематэрыяльнай культурнай спадчыны неаднаразова адзначаліся дыпломамі і каштоўнымі падарункамі.