Урачыстасць у гонар ушанавання абраза Маці Божай Будслаўскай “Будслаўскі фэст” (Мядзельскі раён) — Минский областной центр народного творчества
Минский областной центр народного творчества

Урачыстасць у гонар ушанавання абраза Маці Божай Будслаўскай “Будслаўскі фэст” (Мядзельскі раён)

Будслаўскі фэст з’яўляецца істотным чыннікам ушанавання абраза Маці Божай Будслаўскай, які захоўваецца ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў в. Будслаў Мядзельскага раёна Мінскай вобласці. Абраз славіцца шматлікімі цудамі, а Будслаў вядомы як месца яўлення вернікам Найсвяцейшай Дзевы Марыі, якое, па легендзе, адбылося 2 ліпеня 1588 г.
Будслаўскі фэст адбываецца штогод у першую пятніцу і суботу ліпеня. На фэст у Будслаў з’язджаюцца, як правіла, усе біскупы Каталіцкай Царквы Беларусі, вялікая колькасць святароў і прадстаўнікі самых розных манаскіх ордэнаў. Абавязкова ўдзельнічае ва ўрачыстасцях Апостальскі нунцый у Беларусі. Прыязджаюць у Будслаў прадстаўнікі Грэка-Каталіцкага (уніяцкага) духавенства і Праваслаўнай Царквы, а таксама іерархі іншых краін, прадстаўнікі ўрада і мясцовага кіраўніцтва. Вернікі прыязджаюць на фэст па чыгунцы, на асабістым транспарце, аўтобусамі, якія заказваюць прыходы, па вадзе (на байдарках), на роварах. Усіх гэтых людзей завуць паломнікамі (пілігрымамі). Аднак найвялікшай павагай карыстаюцца тыя з іх, хто шлях у Будслаў пераадольвае пешшу.

Праграма свята ўключае сустрэчу і прывітанне паломнікаў святарамі, Святыя Імшы, якія ідуць адна за адной, начную працэсію са свечкамі, маладзёжнае малітоўнае чуванне, пакланенне найсвяцейшым дарам, гадзіны малітвы Маці Божай, святы Разарый, літанію да Божай Маці і інш. Будслаў з’яўляецца галоўным аб’ектам паломніцтва католікаў Беларусі. Паломнікамі на Будслаўскі фэст з’яўляюцца вернікі з іншых краін: Расіі, Літвы, Польшчы, Славеніі, Украіны, Італіі. Традыцыю ўшанавання абраза Маці Божай Будслаўскай вернікі пераймаюць у сям’і ці праз царкоўныя суполкі. На фэст часта прыязджаюць сем’ямі, прысутнічаюць вернікі рознага ўзросту, што садзейнічае захаванню сувязей паміж пакаленнямі.
На працягу 2015 года ў раённай газеце “Нарачанская зара” і абласной газеце “Мінская праўда” апублікаваны шэраг тэматычных артыкулаў (“Наш Будслаў – рэха нашых публікацый”, “Да нябеснай брамы Бог усіх вядзе!”, “Каб здабыць душы для Хрыста”, “У юбілейны год Будслава”, “Культурнае мястэчка Будслаў”, “Будслаў чакае паломнікаў”, “У Будслаў – за надзеяй, падтрымкай, дапамогай…”, “Міласэрнасць Божая ў сакрамэнце алтара і святарства”, “Маці наймілейшая, маліся за нас”, “Урачыстасць Маці Божай Шкаплернай”, “Да Маці Будслаўскай”.
У папулярызацыі нематэрыяльнай каштоўнасці прымае уздзел ДУ “Мядзельскі музей народнай славы”. У раздзеле экспазіцыі “Канфесіі Мядзельшчыны” значнае месца адведзена каталіцкай канфесіі і дэманструюцца фотаздымкі самага буйнога каталіцкага храма раёна – касцёла Дзевы Марыі ў в.Будслаў, невялікая выява цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай.