Рухаўскія дываны (Старадарожскі раён) — Минский областной центр народного творчества
Минский областной центр народного творчества

Рухаўскія дываны (Старадарожскі раён)

Традыцыйныя рухаўскія дываны ўяўляюць сабой насценныя пано рознага памеру, дэкараваныя аплікацыяй з рознакаляровай саломкі па чорнай тканіне, нацягнутай на драўляны падрамнік. Для падрыхтоўкі вялікай колькасці элементаў кампазіцыі адмысловым чынам нарыхтаваныя і пафарбаваныя саламяныя стужкі наклеіваюцца на паперу, а пасля з суцэльных лістоў, пакрытых саломкай, выразаецца патрэбная колькасць дэталей будучага ўзору па загадзя падрыхтаваных шаблонах у адпаведнасці з эскізам дывана. Сіметрычнае размяшчэнне саламяных узораў па ўсёй паверхнасці пачынаецца з галоўнага цэнтральнага матыву, якім могуць быць пышны букет кветак, дрэва з птушкамі, пара аленяў, зайцоў або галубоў, выкананыя ў наіўна-рэалістычнай манеры і абрамленыя раслінным вянком. Па краю дыван мае акаймоўку з разетак, кветак і раслінных парасткаў, якая звязвае ў адзінае кампазіцыйнае цэлае рамку. У кутах і па баках адыходзяць размешчаныя букеты кветак скіраваныя да цэнтра, фон паміж буйнымі ўзорамі запаўняецца дробнымі кветкамі і лісцем. Узоры звычайна паліхромныя і іх яркі колер ззяе на чорным фоне. Дываны могуць быць розных памераў, але на думку даследчыкаў, “асаблівай прыгажосцю вызначаюцца вялікія, здольныя зрокава “трымаць” не толькі адну сцяну, але і ўвесь інтэр’ер”.

Экспертамі ў сферы народнай творчасці вызначаюцца адметныя духоўныя і мастацкія вартасці традыцыі вырабу дываноў у тэхніцы аплікацыі саломкай па тканіне Старадарожскага раёна, якія заключаюцца ў высокай мастацкай культуры вырабаў, што спалучае ў сабе дасягненні як уласна аплікацыі, так і іншых відаў народнага мастацтва, арнаментальнае рашэнне рухаўскіх дываноў блізка да рашэння ўзорнатканых і вышытых посцілак, паліхромныя саламяныя аплікацыі вылучаюцца багатымі кампазіцыйнымі схемамі з  высокім узроўнем стылізацыі раслінных форм і фігур жывёл, кампазіцыйнай завершанасцю і гарманічным спалучэннем масаў і колеру яркіх узораў на чорным палатне.

Нешматлікія адшуканыя ўзоры дываноў першай паловы ХХ ст. сведчаць, што майстры аддавалі перавагу саломе натуральных колераў. Залацісты ўзор эфектна кантраставаў з чорнай тканінай, яго элементы, падсыхаючы, злёгку выпучваліся, ствараючы своеасаблівы рэльеф накшталт чаканенага. Кампазіцыі жывыя, шчырыя, непасрэдныя, у дэкоры няма жорсткіх дакладных ліній. Малюнак падаецца плоскасна, у найбольш выгадным ракурсе, дэталі абагульненыя і ўмоўныя. У некаторых работах адчуваецца самадзейны пачатак, што пры адноснай маладосці гэтага віду мастацтва – з’ява натуральная, але ў большасці выпадкаў відаць высокая мастацкая культура, якая спалучае у сабе дасягненні як уласна аплікацыі, так і іншых відаў народнага мастацтва.

Характар кампазіцыі дэкору дываноў дэманструе некаторыя рэгіянальныя асаблівасці. На паўночным захадзе Беларусі пераважалі сіметрычныя кампазіцыі з актыўным уключэннем зааморфных матываў: аленяў, вавёрак, птушак размешчаных паабапал Дрэва жыцця. Адчуваецца прыкметны ўплыў вышываных і маляваных дываноў, пашыраных у гэтым рэгіёне, але аплікацыі больш разрэджаныя, не заўсёды ўпэўненыя і вывераныя, паколькі такія творы не мелі характару промыслу, застаючыся хатнім заняткам.

Крыху іншы характар аплікацый на паўднёвым усходзе Беларусі. Кампазіцыі тут звычайна замкнёныя. У цэнтры дывана – букет, вянок ці дзве павернутыя адна да адной фігуркі аленяў, вавёрак, галубоў, па краях – акаймоўка з разетак, раслінных парасткаў, вінаградных гронак, кветак і інш. Узоры звычайна паліхромныя, набраныя з падфарбаванай саломкі. Выразныя, дакладныя, нібыта гранёныя, стылізаваныя сілуэты фігур, іх гучны колер што ззяе на чорным фоне, кампазіцыйная завершанасць, удала знойдзеныя суадносіны масаў і колеру ствараюць уражанне рэдкага і каштоўнага вырабу. Такія дываны ўносілі ў інтэр’ер гучны, мажорны акорд, гарманіруючы з паліхромнай гладзевай вышыўкай, дэкаратыўнымі тканінамі і інш. Найбольш умелыя майстрыхі выконвалі заказы аднавяскоўцаў, а то і цэлага наваколля. Такім чынам, можна гаварыць аб прамысловым характары аплікацыі па тканіне, выпрацоўцы тыповых прыёмаў дэкору і адметнага характару кампазіцыі.

Такім чынам выраб у вёсцы Рухава дываноў у тэхніцы аплікацыі саломкай па тканіне, мае наступныя адметныя мастацкія вартасці:

  1. выкарыстанне тэхнік

-дэкараванне аплікацыяй з рознакаляровай саломкі па чорнай тканіне, нацягнутай на драўляны падрамнік розных памераў

  1. каларыстыка

-паліхромія на чорным фоне, якая утвараецца праз выкарыстанне анілінавых фарбаў, уласцівых для тэкстыльнай прамысловасці

  1. кампазіцыйнае рашэнне

-замкнёная кампазіцыя.

-сіметрычнае размяшчэнне саламяных узораў па ўсёй паверхнасці,

-раслінны альбо зааморфны цэнтральны матыў

Традыцыя вырабу дываноў у тэхніцы аплікацыі саломкай па тканіне ў Старадарожскім раёне адпавядае крытэрыям для надання статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, паколькі мае значнасць з пункту гледжання этналогіі, культуры і эстэтыкі народнага мастацтва згодна п. 1.2. арт. 92 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры, валодае характарам адметнай мясцовай мастацкай традыцыі з адмысловымі прыёмамі выканання, кампазіцыйнымі схемамі, непаўторнай стылістыкай і індывідуальнай выразнасцю кожнага вырабу, яна аказала значны ўплыў на развіццё дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва паўднёвага рэгіёна Міншчыны і Магілёўшчыны.