Ігрышча “Ката пячы” ў аг. Скірмантава Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці — Минский областной центр народного творчества
Минский областной центр народного творчества

Ігрышча “Ката пячы” ў аг. Скірмантава Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці

Ігрышча «Ката пячы» у Скірмантаве праводзіцца 27 лістапада вечарам, напярэдадні перадкаляднага посту. Жанатыя і нежанатыя пары збіраюцца ў адной хаце на вясёлую гулянку ўскладчыну, асноўная падзея якой – абрадавая гульня «Ката пячы». Галоўным дзеяннем гульні з’яўляецца выраб фігуры “ката” са спецыяльна выпечаных булак пэўнай формы, якія адмысловым чынам злучаюцца паміж сабой, галава “ката” аздабляецца вушкамі з сала, вочкамі з чарніц, далучаецца хвост са свойскай каўбасы. Вырабленага такім чынам “ката” урачыста выносяць на цэнтр хаты і прывязваюць да столі. Пасля пачынаецца жартоўнае спаборніцтва паміж удзельнікамі, хто якую частку ката здолее адкусіць, дзеля чаго кожны па чарзе “едзе” на вілках да ката і падскоквае, імкнучыся адкусіць яго частку. Пры гэтым неабходна пераадолець перашкоды, якія ствараюць іншыя ўдзельнікі і выканаць пэўныя ўмовы (не ўсміхацца, не чапаць ката рукамі і інш.). Тыя, хто не справіўся, атрымоўваюць розныя жартоўная заданні. Пераможцам лічыцца той, хто адкусіў хвост, пасля чаго “ката” дзеляць паміж усімі прысутнымі. Усе этапы гульні суправаджаюцца традыцыйнымі песнямі, прыпеўкамі, танцамі пад гармонік, жартоўнымі гульнямі, анекдотамі, вячэрай з пачастункамі, якія ўдзельнікі прыносяць з сабой. Ежа падкрэслена тлустая і багатая, а ўжо 28 лістапада пачынаецца перадкалядны пост «Піліпаўка» з забаронамі не толькі на скаромнае, але на гульні ды забавы.
Ігрышча “Ката пячы” уключае шэраг цікавых ўзораў спеўнай, музычнай, гульнявой народнай традыцыі, зьяўляецца яркім прыкладам культуры баўлення вольнага часу на аснове мясцовай спадчыны, якую захавалі жыхары Скірмантава, аб’яднаныя ў самадзейныя творчыя калектывы “Сваякі” і “Весялуха”. Яны штогод ладзяць гульню, лічаць яе цікавай, важнай часткай культурнай спадчыны сваёй мясцовасці, перадаюць веды аб мясцовых традыцыях маладым ўдзельнікам калектываў

Веды і навыкі, якія могуць быць карыснымі і цікавымі сучасным спажыўцам:

Сучасныя танцы для моладзі ў клубе ўжо надакучылі сваёй аднастайнасцю. Яны не патрабуюць ад выканальнікаў творчасці. Таму вяртанне ў культурнае жыццё сучаснага аграгарадка вясковай спрадвечнай традыцыі актуальнае для цяперашняга часу. Калі больш шырокае кола людзей будзе засвойваць мясцовыя танцы і гульні, то адпачынак моладзі і дарослых будзе праходзіць значна цікавей. Дзеці, якія выхоўваюцца на мясцовых традыцыях, якія перадаваліся з пакаленне ў пакаленне, вырастаюць прывязаныя душой да роднага кута, усведамляюць сябе адной этнічнай супольнасцю. Сам факт, што ў Скірамантава існуе такая цікавая абрадавая гульня, выклікае гонар у тых, хто выехаў на сталае жыхарства ў Мінск і іншыя мясціны. Сувязь са сваякамі паспрыяе папулярызацыі гэтай гульні. Побач з аг. Скірмантава знаходзяцца Якуцкія Горы — першы ў Беларусі горналыжны цэнтр, створаны ў 2001 годзе. Вакол аграгарадка ў вёсках будуюцца і дзейнічаюць аграсядзібы. У іх дзейнасць можа быць уключана і ігрышча, якое захоўваецца ў Скірмантава. Магчыма стварыць этнатурыстычны маршрут на аснове культурнага кластара на гэтай тэрыторыі, і гульня “Ката пячы” разам са стравамі мясцовай кухні можа выклікаць цікавасць у айчынных і замежных турыстаў. Захаванне гульні, як яркага праяўлення мясцовай народнай традыцыі, выконвае функцыю этнакультурнага самасцвярджэння, яе ідэнтыфікацыйная функцыя з’яўляецца асновай культурнай разнастайнасці і ўстойлівага развіцця супольнасці. Сёння носьбіты і пераемнікі традыцыі з’яўляюцца і асноўнымі яе спажыўцамі. Але функцыі гэтай абрадавай гульні паступова пашыраюцца. Папулярызацыя ігрышча садзейнічае аднаўленню мясцовых народных харэаграфічных, спеўных, гульнявых традыцый, узбагачаючы баўленне вольнага часу. Актыўная практыка народных традыцый садзейнічае згуртаванню мясцовых супольнасцей Дзяржынскага раёна і заахвочвае да захавання сваёй рэгіянальнай традыцыйнай культуры. Гэта дзейнасць значна ўзбагачае рэсурсы турыстычна-рэкрэацыйнага развіцця тэрыторыі: гульня “Ката пячы” можа зацікавіць турыстаў і прыцягнуць увагу да аграгарадка, да горналыжнага цэнтра “Якуцкія Горы” з паркам актыўнага дапачынку, да агратурыстычных сядзіб, да мясцовых культурных традыцый