Нікалаевіч Вера Васільеўна — Минский областной центр народного творчества
Минский областной центр народного творчества

Нікалаевіч Вера Васільеўна

Народны майстар Беларусі

Вера Васільеўна нарадзілася ў простай сялянскай сям’і, дзе бацькі працавалі ў мясцовым калгасе.  Пасля заняткаў у школе дзяўчынка дапамагала бабулі і матулі не толькі па гаспадарцы, але і  ў ткацкай справе. Разам з дарослымі апрацоўвала лён, вучылася прасці, сукаць ніткі, ткала палотны. Акрамя матулі і бабулі, сваёй настаўніцай па ткацтву лічыць ткачыху Яфімчык Веру Васільеўну, якая славілася сваім майстэрствам не толькі ў роднай вёсцы, але і за яе межамі. Ад яе юная Вера вучылася ткаць посцілкі пераборам, закладныя чырвона-белыя ручнікі.
У 1966 годзе паступіла ў швейнае вучылішча ў г.Баранавічы, потым пайшла далей вучыцца ў тэхнікум “Лёгкай прамысловасці” па спецыяльнасці тэхнолаг швейнай справы. Пасля вучобы працавала на Брэсцкай швейнай фабрыцы імя Фаміна. Адпрацаваўшы там каля 5годоў пераехала ў Салігорск. Працавала там спачатку швяёй, потым кантралёрам, а затым – майстрам па цэху. Менавіта тут, у Салігорску, жанчына ўбачыла набіўныя самаробныя каўры, і так яны яе ўразілі, што яна загарэлася жаданнем паспрабаваць самой зрабіць дыван. Знаёмая паказала майстар-клас, дала некалькі заняткаў і Вера Васільеўна, апанаваная гэтай ідэяй, па вечарам пасля працы на фабрыцы занялася выбіваннем каўроў. Спачатку здымала ўзоры з іншых вырабаў, потым, паступова набіраючыся вопыта і майстэрства, стала ствараць іх сама. Дываны выходзілі яскравымі, з буйствам кветак і расліннасці.

А потым, калі выйшла замуж і нарадзіла сына, пераехала з сям’ёй ў родную вёску Семежава. Менавіта цяпер, з новым размахам, занялася майстрыха матулінай навукай – ткацтвам. Ткала шаўковыя рушнікі ў чатыры ніты, посцілкі пераборам і матрушкамі. Займалася і вышываннем простынь, настольнікаў, рушнікоў і навалачак гладзю і балгарскім крастом. А яшчэ яна цудоўна вяжа.

Рэчы, створаныя  яе рукамі  – гэта кавалачак яе душы, яе радасці, свет яе захаплення. Сваё майстэрства, уменне перадае унучцы.

Вера Васільеўна з’яўляецца актыўнай удзельніцай клуба “Семяжовачка” пры Семежаўскім цэнтры культруры і адпачынку. Яна пастаянная ўдзельніца мясцовых,  раённых, рэгіянальных  свят і конкурсаў народнай творчасці. Не адмаўляе навукоўцам, з ахвотай дзеліцца багатым вопытам і майстэрствам з усімі жадаючымі. Некаторыя свае работы яна падаравала ў Мінскі музей.
Вера Васільеўна – майстар з прыгожай творчай душой. Мяркуе, што самае арыгінальнае, “высокапробнае” у яе яшчэ наперадзе.