Кравец Зінаіда Іванаўна — Минский областной центр народного творчества
Минский областной центр народного творчества

Кравец Зінаіда Іванаўна

Народны майстар Беларусі

Пра  Зінаіду Іванаўну, простую сялянскую жанчыну, можна сказаць, што яна "на ўсе рукі майстрыха". Захапленне ткацтвам жыхарка в.Семежава Капыльскага раёна пранесла праз усё жыццё. Нават цяпер гэтая рухавая жанчына, якой за семьдзесят гадоў, не пакідае любімую справу.
Майстрыха нарадзілася ў Падмаж’і  27 кастрычніка 1939 года ў шматдзетнай  сям’і  працаўнікоў калгаса. Да вайны сям’я не была багатай, але і не бедавала: усё неабходнае для жыцця было. Становішча змянілася пасля вайны. Гэта быў час холаду і голаду. У 14 гадоў пайшла працаваць у калгас. Там яна займалася вырошчваннем і далейшай апрацоўкай ільну. А гэта, як вядома, справа вельмі цяжкая, бо амаль усё рабілася ў ручную. Жанчына і зараз успамінае,  як цяжка было ў тыя гады і жыць і працаваць. Але як бы то не было, душою не чарствелі, а наадварот, пры кожнай магчымасці, калі ўбачаць хлопца з гармошкай, то якія б стомленныя не былі, прасілі паіграць. Ён іграў – жанчыны танцавалі.

У 1962 годзе вышла замуж, нарадзіла двух дачок. Нягледзячы на цяжкі сялянскі быт, знаходзіўся час і для любімых захапленняў: ткацтва, вышыўкі, карункапляцення. Ткаць яе навучыла матуля ды старэйшыя сёстры. Ткала чырвона-белыя закладныя ручнікі, посцілкі ў 4 ніты. Але ёй больш за ўсё падабалася ткаць посцілкі пераборам ды ў матрушкі. Як кажа сама ткачыха, у гэтых тэхніках яны атрымоўваюцца вельмі выразнымі. Дзе толькі няма яе вырабаў: і ў Мінскіх музеях, на Украіне, у Яраслаўлі, Таганрогу. Людзям падабалася, а яна, будучы чалавекам вельмі адкрытым, дарыла ім частачку сваёй душы. Нават у Амерыцы носяць саматканую рубаху з вышытым беларускім арнаментам і ўспамінаюць добрым словам майстрыху.

Зінаіда Іванаўна пастаянны ўдзельнік мясцовых, раённых свят і конкурсаў народнай творчасці. Актыўная ўдзельніца клуба “Семяжовачка” пры Семежаўскім ЦК і дасуга.
Ёсць і яшчэ адно добрае захапленне ў Зінаіды Іванаўны – гэта народная песня. Яна дапамагае ў пераадольванні цяжкасцей сялянскага жыцця. Спявае - і забывае ўсе цяжкасці.