Кіеня Валянціна Міхайлаўна — Минский областной центр народного творчества
Минский областной центр народного творчества

Кіеня Валянціна Міхайлаўна

Народны майстар Беларусі

Кіеня Валянціна Міхайлаўна нарадзілася 22  сакавіка 1941 года ў весцы Семежава, дзе жыве і зараз. Працавала ў мясцовым калгасе даяркай. З дзіцячых гадоў захаплялася ткацтвам і гэтую любоў пранесла праз усё сваё жыццё. У дзяцінстве было цікава, як стукаюць берда, бегае паміж нітоў чаўнок, асабліва радавалася калі атрымоўваўся ўзор, заложаны ў нітах. Ад маці пераняла  не толькі майстэрста  ткацтва, але  вышыўкі і шытва.
Пачынаючы з 1974 года працавала надомніцай на Слуцкай фабрыцы мастацкіх вырабаў, што сведчыць аб высокім прафесійным узроўні майстэрства ткацтва. Са студзеня 2000 года працуе кіраўніком гуртка па ткацтву пры Семежаўскім сельскім Доме культуры, а з 2003 года па сёняшні дзень – майстар-метадыст Капыльскага раённага Цэнтра ткацтва.
За сваё жыццё сціплая, добразычлівая жанчына выткала і вышыла шмат рэчаў: ручнікоў, посцілак, сурвэтак, дываноў, ходнікаў. Усё гэта рабілася доўгімі восеньскімі і зімовымі вечарамі, бо ў другі час яе чакала сялянскае падвор’е, клопаты аб сям’і, праца на ферме.

Валянціна Міхайлаўна мае вялікі працоўны вопыт у майстэрстве народнага ткацтва.  Яна ўнесла вялікі ўклад у адраджэнне і развіццё ткацкага рамяства раёна. Бадай ў кожнай ткачыхі любімым вырабам з’яўляецца ручнік. Таму ў яго выраб яна ўкладае ўсю прыгажосць сваёй душы. Любіць ткаць ручнікі і Валянціна Міхайлаўна. Асаблівы гонар і ахвоту яна адчувае, калі тчэ знакамітыя закладныя чырвона-белыя семежаўскія ручнікі –  гонар яе вёскі, яе продкаў. І хочацца ткаць гэтыя ручнікі каб такой прыгажосцю захаплялася не адно пакаленне землякоў. Семежаўскія ручнікі вызначаюцца сваей мастацкай дасканаласцю і каларыстычнай вытанчанасцю. Яны не ўраджваюць багаццем колераў, але прыгледзеўшыся да чырвоных геаметрычных узораў, пачынаеш разумець якая прыгажосць ў гэтай сціплай далікатнасці.

Сваю справу, сваё майстэрства, непаўторны ўласны стыль, душу яна перадае  маладому пакаленню. У раённым Цэнтры ткацтва Валянціна Міхайлаўна займаецца выпускам сувенірнай прадукцыі і абучае свайму майстэрству маладога спецыяліста Цэнтра ткацтва, адначасова працягваючы працу кіраўніка гуртка пры Доме культуры.
Валянціна Міхайлаўна пастаянная ўдзельніца шматлікіх рэспубліканскіх, абласных, раённых фестываляў, свят, конкурсаў, адкуль прывозіць дыпломы і званне лаўрэата. І нездарма ў канцы 2008 года ёй прысвоена ганаровае званне Народны майстар Беларусі.
Зберажэнне і развіцце традыцыйнага  ткацтва, перадачу майстэрства дзецям і моладзі, Валянціна Міхайлаўна лічыць для сябе, як майстра, галоўным абавязкам.