Абласное свята нацыянальных культур у рамках Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур — Минский областной центр народного творчества
Минский областной центр народного творчества

Абласное свята нацыянальных культур у рамках Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур

21 кастрычніка 2023 г. на базе дзяржаўнай установы культуры «Лагойскі раённый центр культуры» адбудзецца абласное свята нацыянальных культур у рамках Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур.

У свяце прымуць удзел прадстаўнікі розных нацый і народнасцей, якія жывуць і працуюць на нашай роднай Міншчыне. Кожнае такое свята – гэта сімвал міжнацыянальнай дружбы і міру на нашай зямлі, духоўнага багацця і яднання нацый, свята адзінства, сяброўства і згоды. Гэта свята ўсіх, хто шануе родную мову, захоўвае свае нацыянальныя традыцыі і звычаі, бо кожны з яго ўдзельнікаў сваім талентам, творчасцю ўзбагачае не толькі сваю самабытную культуру, але і ўвогуле культуру Беларусі.

Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур праводзіцца
ў мэтах гарманізацыі міжнацыянальных зносін, папулярызацыі лепшых узораў паэтычнага, музычнага, харэаграфічнага, выяўленчага, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва нацыянальных супольнасцей, даследавання і пераемнасці нацыянальных мастацкіх традыцый, умацавання творчых і дзелавых адносін паміж установамі культуры
і грамадскімі культурна-асветніцкімі арганізацыямі нацыянальных супольнасцей.

У абласным адборы на ўдзел у Рэспубліканскім фестывалі прымуць удзел аматарскія калектывы, асобныя выканаўцы, народныя майстры
з розных рэгіёнаў Міншчыны. Сярод іх – удзельнікі культурна-асветніцкага аб’яднання ўкраінцаў «Краяны» (г.Маладзечна) і культурна-асветніцкага аб’яднання ўкраінцаў «Обрий» (Мінскі раён), народнага аматарскага аб’яднання прадстаўнікоў нацыянальных культур «Шматгалоссе» Печынскага ГДК Барысаўскага раёна, Дома Польскага Івянецкага гарпасялковага аддзела і Маладзечанскага гарадскога аддзела культурна-асветніцкага грамадскага аб’яднання «Саюз палякаў на Беларусі», асобныя выканаўцы і майстры народнай творчасці розных нацыянальнасцей з Барысаўскага, Валожынскага, Дзяржынскага, Маладзечанскага, Мінскага, Мядзельскага, Нясвіжскага, Старадарожскага, Клецкага раёнаў і горада Жодзіна.

Згодна з Палажэннем аб Рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур на свяце будзе прысутнічаць рэспубліканскае журы, якое правядзе адбор калектываў і выканаўцаў для ўдзелу ў заключных мерапрыемствах Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур.

Выстава народнай творчасці пачне сваю работу ў 11.00, пачатак конкурснай канцэртнай праграмы ў 12.00.