Выстава “МАСТАЦТВА ВЫШЫЎКІ” — Минский областной центр народного творчества
Минский областной центр народного творчества

Выстава “МАСТАЦТВА ВЫШЫЎКІ”

      8 мая (серада) 2024 года а 17 гадзіне ў мастацкай галерэі ДУ «Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці» мае адбыцца адкрыццё выстаўкі “МАСТАЦТВА ВЫШЫЎКІ”.

У межах праекту “Традыцыі і сучаснасць”, прымеркаванага да 85-годдзя дзяржаўнай установы “Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці” у мастацкай галерэі “Цэнтр” арганізавана выстаўка “Мастацтва вышыўкі”. У экспазіцыю ўвайшлі прадметы традыцыйнага інтэр’ернага тэкстылю, упрыгожаныя вышыўкай (часовыя межы ад 1930-х гг. да 2024 г.).

У інтэр’еры сялянскай хаты традыцыйна арганізоўвалася дзве зоны, дзе галоўным упрыгожваннем служыў тэкстыль — гэта комплекс дэкору ложка (які складаўся з прасцін, падзораў, падушак у вышытых навалачках, вугалкоў, насценных дыванкоў) і чырвоны кут (дзе важным элементам з’яўляліся ручнікі на абразах). Усе гэтыя прадметы, а таксама фіранкі на вокны і заслоны на дзверы, абрусы і сурвэткі розных тыпаў увайшлі у склад экспазіцыі. Пераважная колькасць узораў — гэта кветкавыя матывы. Гледачу прадстаўлены тэхнікі вышыўкі характэрныя для прадметаў інтэр’еру: свабодная гладзь, крыжык, насціл, а таксама больш рэдкія спосабы дэкору: гафтаванне, рышэлье, аплікацыя, дэкаратыўны сцябельчаты шоў і інш. Акрамя таго, як характэрная з’ява, прадстаўлены ўзоры (пераважна на навалачках), перанятыя з часопісных і іншых друкаваных схем для вышыўкі крыжыкам.

У экспазіцыі дэманструюцца прадметы з пяці лакацый Мінскай вобласці: г. Капыль, г. Чэрвень, г. Вілейка, г. Дзяржынск, г. Узда. У якасці ўдзельнікаў выступілі восем дзяржаўных устаноў, у якіх ашчадна захоўваецца тэкстыльная народная спадчына, а таксама перадаюцца традыцыі маладому пакаленню, гэта: Капыльскі раённы цэнтр культуры, Раённы Цэнтр ткацтва а.г. Семежава, Чэрвеньскі раённы цэнтр культуры і адпачынку, Вілейскі краязнаўчы музей, Вілейскі цэнтр эстэтычнага выхавання, Вілейскі раённы Дом рамёстваў, Дзяржынскі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці, Уздзенская цэнтральная бібліятэка імя П.Труса.

Сакавітыя каларыстычныя спалучэнні, разнастайнасць выяў кветак, гармонія паміж насычанымі яскравымі плямамі і белым палатном адлюстроўваюць традыцыйныя ўяўленні беларусаў аб “райскім куточку”, абароненай асабістай прасторы, якой і з’яўляліся жылыя пакоі хаты. Экспазіцыя выставы ўтрымлівае невычэрпны патэнцыял натхнення для сучасных дызайнераў, майстроў дэкаратыўна-прыкладной творчасці, аматараў народнага мастацтва.

 

Выстава працуе з 8 мая па 2 чэрвеня 2024 г.

Месца правядзення: мастацкая галерэя «Цэнтр» ДУ «Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці»

Адрас: Мінск, вул. Гікалы, 4

Час працы: серада-нядзеля: 11:00 — 19:00

Тэл. 8017 342 50 76              @gallery_centre

Кошт уваходнага білета – 3 руб., студэнцкага, дзіцячага, ільготнага білета – 1 руб.