Штогод, 21 лістапада, на Міхайлаў дзень, у аг.Вяляцічы Барысаўскага раёна праходзіць абрад “Перанос Міхайлаўскай свячы”. Абрад складаецца з уласна пераносу, агульных маленняў і ўрачыстых застолляў у хаце, адкуль выпраўляюць і дзе прымаюць свячу.
“Свячой”, “Міхайлаўскай свячой” завецца як сам абрад, так і комплекс рытуальных прадметаў, што складаеца са свечкі, абраза святога Міхаіла і ручніка, якім пакрыты абраз. У апошнія гады да абраднага комплексу дадаўся вялікі драўляны крыж. Свяча знаходзіцца ў хатах 7 жыхароў вуліцы Цэнтральнай вёскі Вяляцічы па чарзе, па адным годзе. У дзень святога Міхаіла свяча ўрачыста пераносіцца ў новую хату.
У 2015 годзе традыцыйна абрад пачаўся з царкоўнай службы, якую правёў айцец Іаан у храме Прэабражэння Гасподня. Пасля заканчэння службы, усе прысутныя адправіліся ў хату Чарняўчык Галіны Эдуардаўны, дзе ікона знаходзілася на працягу года. Гаспадыня накрыла стол, на якім былі абавязковыя стравы: юшка (мясны булён), крупеня (пярловая каша з мясам) і каша (грэчневая каша з маслам). Перад пачаткам трапезы айцец Іаан правёў малебен (гэта абавязковы элемент абраду) і запрасіў усіх прысутных да стала. Пасля застолля працэсія з іконай, запаленай свечкай і крыжом направілася ў хату Хмялеўскай Тамары Фёдараўны, дзе лік Архангела Міхаіла будзе знаходзіцца ўвесь наступны год. Сем’і Галіны Эдуардаўны і Тамары Фёдараўны тройчы абмяняліся зернем (жытам), хлебам, чаркай гарэлкі і пажадалі адзін аднаму здароўя і дабрабыту. Завяршыўся абрад малебнам і застоллем ў хаце новага захавальніка іконы.
Духоўным замыслам абраду з’яўляецца падтрыманне дабрабыту ў вёсцы і кожнай сям’і.
Звестак, калі менавіта ў Вяляцічах пачалі перадаваць ікону ад хаты ў хату, не захавалася, але старажылы сцвярджаюць, што традыцыю падтрымлівалі яшчэ ў даваенныя часы. У перыяд Вялікай Айчыннай вайны абрад быў страчаны.
Свяча вызначаецца супольнасцю як каштоўнасць, дзень святога Міхаіла лічыцца ў вёсцы святам, у абрадзе ўдзельнічаюць сем’ямі, далучаюць дзяцей. Прыезжыя пераймаюць абрад ад суседзяў. Людзі, што не жывуць стала ў Вяляцічах, наведваюць родную вёску адмыслова каб паўдзельнічаць у абрадзе.