Традыцыя шанавання Святога каменя в. Крамянец Лагойскага раёна — Минский областной центр народного творчества
Минский областной центр народного творчества

Традыцыя шанавання Святога каменя в. Крамянец Лагойскага раёна

Камень-следавік бронзавага веку – мясцовая святыня вёскі Крамянец. Для забеспячэння яго захаванасці супрацоўнікамі Лагойскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея імя К. і Я.Тышкевічаў здзяйсняюцца маніторынгі стану аб’екта спадчыны, распрацаваны маршрут экскурсіі, які ўключае наведванне і Дажбоговага каменя.
Жыхары в. Крамянец называюць камень Святым і ходзяць да яго раніцай у першы дзень Вялікадня, на Сёмуху, Яблычны Спас, Пакроў, прыносячы дары ў выглядзе традыцыйных абрадавых страў, грошы і інш.
Дзве вялікія авальныя лункі на камені называюць “божымі слядамі”, вада ў іх пасля дажджу лічыцца святой, ёю лечацца. Кажуць, што найбольш вада ў іх дапамагае ад хвароб вачэй.
Абракаюцца ля каменя ў любы час. Некаторыя ходзяць да яго ў нядзелю, чыста апрануўшыся, як у царкву. Многія, ідучы ў лес і з лесу, пакідаюць ля яго частку назбіраных грыбоў або ягад, кветкі.
Цяпер камень наведваюць і падчас сямейных урачыстасцяў – маладыя пасля вяселля, госці імянінніка ў дзень яго нараджэння, у іншых выпадках.
У засуху ўдовы выклікаюць дождж, адкаціўшы з-пад каменя каменьчыкі і, падважыўшы камень на вялікіх калах у рост чалавека, пакідаюць іх уваткнутымі ў зямлю пад каменем. Лічыцца, што не пазней, як на трэці дзень, пойдзе дождж. Калі ён ужо не патрэбны – калы вынімаюць і дробныя каменьчыкі падкочваюць на месца пад камень.
Мясцовая супольнасць лічыць камень сваёй святыняй, старэйшыя жыхары далучаюць да практыкі шанавання дзяцей і ўнукаў, такім чынам перадаючы традыцыі ў сям’і. Існуе і пераемнасць сярод дарослых жыхароў супольнасці: да каменя пачынаюць хадзіць людзі, што пераехалі ў Крамянец ужо ў сталым узросце, да рытуалу выклікання дажджу далучаюцца маладыя ўдовы, якія, пакуль муж быў жывы, не хадзілі да каменя.
Тэрыторыя вакол Святога каменя ачышчана ад хмызняку, пастаўлены інфармацыйны шчыт з ахоўным знакам элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны. У 2016 годзе плануецца аднавіць Крамянецкае свяцілішча ў першапачатковым выглядзе з агароджай, веснічкамі і калодзежам, стварыць на гары Маяк месца адпачынку для турыстаў.