Ціханоўскі Уладзімір Аляксандравіч — Минский областной центр народного творчества
Минский областной центр народного творчества

Ціханоўскі Уладзімір Аляксандравіч

Народны майстар Беларусі

Уладзімір Аляксандравіч Ціханоўскі нарадзіўся ў в. Дубейкава  Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці.

З дзяцінства палюбіў народнае мастацтва: спевы, музыку, танцы і дзівосныя самаробныя творы вясковых майстроў.     З самага пачатку майстраваў розныя рэчы для сябе і дамчаццаў. Асабліва яго вабіла вышыўка і саломапляценне, але гэтыя “не мужчынскія”, на думку вясковых людзей, заняткі прышлося адкласці на далёкі пенсійны час.
Уладзімір Аляксанравіч скончыў Магілёўскае мастацкае вычылішча па спецыяльнасці – народная творчасць. Па размеркаванні патрапіў на працу ў Рачэнскі Сельскі Дом культуры на Любаншчыну.

Саломапляценне для У. Ціханоўскага стала любімай справай у вольны час. Гэта занятак і адпачынак для душы. Саламяныя брылі, жаночыя капелюшы, картузы, разнастайныя жаночыя галаўныя уборы, пацеркі, пано, падвескі, саламяныя абярэгі-павукі, саламяныя кветкі, абрадавыя лялькі, аплікацыя саломкай і шмат іншага выходзіць з-пад працаваітых рук майстра.    Сваё майстэрства Уладзімір Аляксандравіч перадае малодшаму пакаленню. Пры Атраднаўскім сельскім Доме культуры з 2000 года працуе гурток саломапляцення. Вучні Ціханоўскага старанныя хлопццы, зацікаўленыя рамеснікі.

Саломапляценне апошнім часам займае самую большую частку яго часу, засяродзіўся ён, у асноўным, на вырабе традыцыйных брылёў, капелюшоў і картузоў. Паддаюцца майстэрскім рукам далікатныя пано як у тэхніцы саломапляценя, так і ў тэхніцы аплікацыі саломкай. Саламяныя кветкі майстра маюць свой непаўторны народны  стыль, які праяўляецца ў некаторай грубаватасці і невялікай колькасці дэталяў. Аўтарскімі ва ўсіх праявах ад задумы да выканання з’яўляюцца саламяныя лялькі народнага умельца: “Масленка”, “Купальская Марэна”, “Калядная каза”, “Жытняя баба”, Дажынкавы сноп-гаспадар” , “вясельныя неразлучнікі” – вось толькі невялікая частка творчых работ майстра.
Уладзімір Аляксандравіч Ціханоўскі адкрыты, шчыры, працавіты чалавек. Карыстаецца аўтарытэтам у калектыве, павагай у дзяцей-навучэнцаў і іх бацькоў. Энэргія, творчасць, майстэрства вылучаюць яго сярод сяброў і калег. А самабытны талент падкрэсліваюць неаднаразовыя выставы творчых работ майстра і перамогі ў шматлікіх конкурсах майстэрства.