Астапеня Марыя Мікалаеўна — Минский областной центр народного творчества
Минский областной центр народного творчества

Астапеня Марыя Мікалаеўна

Народны майстар Беларусі

Марыя Мікалаеўна – адна з заўзятых майстрых па ткацтву і вышыўцы. Жыве яна ў вёсцы ткачых – Семежаве. Сціплая, добразычлівая жанчына амаль ўсё жыццё прысвяціла сваёй вёсцы. Як кажуць: “У кожнага чалавека свой лёс”.
Нарадзілася яна ў в.Макраны, што каля Семежава, у простай сялянскай сям’і. Была яна самай старэйшай з дзяцей, таму на яе плечы леглі абавязкі па доглядзе яшчэ пяцярых малодшых братоў і сясцёр.  Марыя не вызначалася моцным здароўем і вельмі часта хварэла, таму і ў школу пайшла з 8 гадоў. Пасля заканчэння васьмігодкі год адпрацавала ў Чырвонай Слабадзе на плодаагародніным камбінаце, затым тры гады ў сталовай в.Гулевічы, а пасля ўжо да самай пенсіі ў магазіне роднай вёскі. Пазнаёмілася з семяжаўскім хлопцам на танцах, звязала з ім сваё жыццё ў 18 гадоў. Нарадзіла двух сыноў і дачку, якія засталіся жыць у Семежаве.
Першыя навыкі па ткацтву, вышыўцы перанімала Марыя ад маці. Дзіцячая цікавасць прыцягвала да ткацкага станка і ткацкіх прылад. Назірала за руплівымі матчынымі рукамі, якія спрытна чаравалі ля станка. З цягам часу жанчына набыла неабходныя навыкі па ткацтву, навучылася апрацоўваць лён, вырабляць з яго ніткі і ніткі з воўны. Марыя Мікалаеўна выткала шмат святочных, абрадавых ручнікоў, ручнікоў набожнікаў, посцілак з рознымі геаметрычнымі ўзорамі. Акрамя ткацтва Марыя Мікалаеўна – добрая майстрыца па вышыўцы. Вышывае яна і крыжыкам і гладзю.

Марыя Мікалаеўна актыўная ўдзельніца клуба “Семяжовачка” пры Семежаўскім цэнтры культуры і адпачынку. Не аднойчы яе работы экспанаваліся на мясцовых, раённых, абласных святах, выстаўках народнай творчасці. З 2013 года гэтая таленавітая жанчына працуе майстрам-метадыстам Раённага Цэнтра ткацтва. Шчыруе над выпускам сувенірнай прадукцыі: сурвэтак, ручнікоў, камплектаў. Лічыць, што свой вопыт, майстэрства, улюбённасць у сваю справу павінна перадаць падрастаючаму пакаленню. Каб ніць, якая звязвае учарашні і сёняшні дзень не перарвалася, а цягнулася ў будучыню.