КВЕТКІ І ПТУШКІ
2 сакавіка (субота) 2024 года а 14 гадзіне ў мастацкай галерэі ДУ «Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці» мае адбыцца адкрыццё выставы графікі Кацярыны Цешка “КВЕТКІ І ПТУШКІ”, прымеркаваная да Дню жанчын.
Ужо хутка паветра напоўніцца тромканнем птушак і водарам талага снегу! Экспазіцыя выставы графікі Кацярыны Цешка “Кветкі і птушкі” дапамагае прачнуцца пасля доўгай зімы. Кветкі — улюбёны матыў маладой мастачкі (скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, зараз выкладае выяўленчае мастацтва ва ўстановах дадатковай адукацыі). Свае букеты яна збірае з сакавітых колераў, экспрэсіўных штрыхоў і рытмічных плям. Маючы талент дэкаратыўнага бачання, Кацярына Цешка захапляецца стварэннем на аркушы кампазіцый з разнастайных плям-пялёстак: празрыстых, густых, з грануляванай фактурай.
У межах кветачнага матыву Кацярына Цешка эксперыментуе са стылістыкай. Мы можам убачыць вельмі ўмоўныя букеты, букеты з распазнавальных сартоў кветак, а таксама нацюрморты са светлаценявой будовай аб’ёму.
Вобразы птушак — другі кірунак у творчасці мастачкі. І калі для перадачы кветак Кацярына абірае ўмоўна-дэкаратыўную мову, то выявы птушак адрозніваюцца арніталагічнай дакладнасцю. Для стварэння птушынага царства мастачка ўжывае ў якасці матэрыялу алейны пастэль або маркеры, якія даюць магчымасць хуткіх замалёвак з насычаным колерам і дэталізацыяй.
Калі ў кітайскай культуры жанр “кветкі-птушкі” (хуа-няо) мае дакладную вобразную семантыку, якая раскрываецца праз добразычлівыя лозунгі, звязаныя з сезонамі і цыклам жыцця чалавека, то ў Кацярыны Цешка букеты напоўнены сімволікай жыццялюбства, але без літаральнага прачытання. Нацюрморты з букетамі і творы з птушкамі магчыма разглядаць як суцэльны праект, у якім творца выказвае свае захапленне акаляючым светам.
У экспазіцыю выставы ўваходзіць таксама «вітрына кветак» з графічнымі творамі, якія можна набыць і ўнесці з сабой пяшчотны букет і сонечны настрой.
Запрашаем гледачоў у выставачную залу галерэі “Цэнтр” каб насыціцца яскравымі колерамі, што дапаможа больш упэўнена крочыць у вясну.
Выстава працуе з1 саквіка па 31 сакавіка 2024 г.
У межах выставы запланаваны наступныя мерапрыемствы з удзелам Кацярыны Цешка:
02.03.2024 (субота) 15:00 майстар-клас для дарослых па вырабу паштоўкі “Акварэльная мініяцюра” (кошт 10 руб., матэрыялы ўключаны).
03.03.2024 (нядзеля) 12:00 майстар-клас для дзяцей па вырабу віншавальнай паштоўкі (кошт 10 руб., матэрыялы ўключаны).
16.03.2024 (субота) 12:00 майстар-клас па роспісу дэкору з фанеры (брошка, магніт) (кошт 15 руб., матэрыялы ўключаны).
23.03.2024 (субота) 12:00 майстар-клас па роспісу на шкле “Чароўная птушка”(кошт 15 руб., матэрыялы ўключаны).
Месца правядзення: мастацкая галерэя «Цэнтр» ДУ «Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці»
Адрас: Мінск, вул. Гікалы, 4
Час працы: серада-нядзеля: 11:00 — 19:00
Тэл. 8017 342 50 76 @gallery_centre
Кошт уваходнага білета – 3 руб., студэнцкага, дзіцячага, ільготнага білета – 1 руб.