Калядны абрад «Шчадрэц» в. Рог Салігорскага раёна
- 22.11.2021 12:18
- 166
Абрад «Шчадрэц» належыць да найбольш архаічных навагодніх віншавальных абыходных абрадаў, распаўсюджаных пераважна на Беларускім Палессі. Ён з’яўляецца адметным праяўленнем лакальнай культурнай традыцыі в. Рог Салігорскага раёна і праводзіцца штогод у ноч з 13 на 14 студзеня на Шчодры вечар. Захавалі і перадаюць яго сваім дзецям і ўнукам удзельнікі народнага фальклорнага калектыву “Палескія крыніцы” Восаўскага сельскага Дома культуры.
Шчадраванне адбываецца з удзелам традыцыйных маскіраваных персанажаў – дзеда, бабы, «казы», «жураўля», «каня» і інш. Маска «казы» ў абрадзе здаўна лічыцца асноўным сімвалам пладавітасці і жыццёвай энергіі. Найбольш унікальны персанаж у гурце шчадравальнікаў – дзед з яго берасцяной маскай, аналагаў якой больш няма на Беларусі. Маску вырабляюць у выглядзе шапкі-цыліндра, верхняя частка якой уяўляе выяву крыжа (сімвал сонца), бяроста злучана адмысловым спосабам («у зубчыкі»). Цыліндр утвараецца з дзвюх палос бяросты. Як і сама шапка, крыж зроблены з «левага» боку бяросты, мае бежава-карычневы колер. У шапцы прарэзаны дзіркі для вачэй і рота, а нос зроблены з морквы, прыклеенай да шапкі, бровы намаляваныя чорным алоўкам ці фарбай.
Абрадавы гурт рухаецца па вёсцы з усходу на захад, не мінаючы ніводнай хаты. У дадзеным тыпе абрадавага шчадравання выяўляюцца тры этапы: 1) зварот да гаспадароў з просьбай дазволіць шчадраваць, 2) выкананне абрадавага тэксту і гульні-паказу, 3) адорванне, што суправаджаецца просьбай і словамі падзякі.
Значным фактарам захавання абраду ў часе выступае песенны кампанент рытуальнага абходу, увасоблены ў віншавальных «шчадроўных» песнях для гаспадара і яго сям’і, дзяўчыны на выданне, песнях, якія суправаджаюць рытуальныя скокі «казы». Гэта песенныя віншаванні для гаспадара і яго сям’і («Ці ўдома, ўдома сам пан гаспадар?», «Ой, устань, устань, сам пан господар!», «Ой, над рэкою, над глыбокою»), дзяўчыны на выданне («Ой, рано-рано й куры попелі»), песня, якая суправаджае скокі Казы («Вой, ну-ну, каза») і інш. Усе песенныя віншаванні аб’яднаны адзіным меладычным стрыжнем – тыпавым політэкставым напевам, для якога ўласцівы святочная інтанацыя, кварта-квінтавы ладава-меладычны комплекс, вытрыманая рытмавая структура на аснове 10-складовага вершарадка з зацягваннем кожнага пятага складу. Абавязковую частку песенных віншаванняў складаюць выгуковыя рэфрэны-воклічы (С[в]яты вечор, с[в]яты Васілё[к]!).
Традыцыйныя каноны абраду щедрования ў вёсцы Рог раскрываюцца як у люстэрку песеннага рэпертуару, так і праз асаблівасці спеўнага стылю. Віншавальныя напевы выконваюцца «шумна», у выгуковай манеры. Для выканальніцкага стылю ўласціва тэмбрава-дынамічная яркасць, элементы гетэрафоннай фактуры. У спеўным артыкуляванні раскрываецца мясцовая дыялектная спецыфіка, своеасаблівасць моўных гаворак паўночных тэрыторый Беларускага Палесся. Таксама ў час разыгрывання каляднай дзеі ў хаце скачуць «Лявоніху» і «Барыню».
Гурт «Палескія крыніцы» мае калектыў спадарожнік – «Ручаёк», дзе займаюцца дзеці. Маладое пакаленне з захапленнем пераймае абрадавую традыцыю і імкнецца ўдзельнічаць у абрадзе. На працягу 2015 года калектывы праводзілі актыўную дзейнасць па захаванні і папулярызацыі носьбіта нематэрыяльнай культурнай спадчыны абрада “Шчадрэц”: 8 студзеня ладзілася экскурсія з праглядам абрада “Шчадрэц” для работнікаў ААТ “Беларуськалій” і дэлегацыі з Расіі; 13 студзеня абрад “Шчадрэц” праведзены з удзелам прадстаўнікоў СМІ (“Сельская газета”, “Рэспубліка”, раённая газета “Шахцёр”); 3 ліпеня элементы абрада прадэманстраваны ў рамках раённага свята народнай творчасці “Беларусь – жыцця майго крыніца”.
Абрад «Шчадрэц» актуальны найперш для супольнасці вёскі Рог, бо мясцовыя жыхары лічаць, што прыход шчадроўнікаў у іх хаты будзе садзейнічаць дабрабыту і здароўю ўвесь наступны год. Песні-шчадроўкі з’яўляюцца цікавым аб’ектам даследавання для спецыялістаў у галіне народна-песеннай творчасці, таксама ўяўляюць інтарэс і для студэнтаў творчых спецыяльнасцей (для развучвання на занятках). Шчадроўкі могуць пераймацца сучаснымі рэгіянальнамі народнымі ансамблямі, фальклорнымі гуртамі, асобнымі выканаўцамі, бо яны выступаюць не толькі яскравым прыкладам рэгіянальнай спеўнай традыцыі, а і ўзорамі спадчыны беларускай вуснай творчасці наогул.
Поделиться в:
- 26.03.2024 17:09
Тематическая площадка «Сила выбора» г. Несвиж
- 20.03.2024 12:23
Широкая Масленица в Борисове
- 19.03.2024 13:49
Масленица в Минском районе
- 18.03.2024 15:15
ЖИВИЧАНЕ НА XXXI МИНСКОЙ МЕЖДУНАРОДНОЙ КНИЖНОЙ ВЫСТАКЕ-ЯРМАРКЕ
- 18.03.2024 15:13
Масленица в Жодино
- 15.03.2024 16:58