Жывы Гук

Жывы Гук — назва новай экспазіцыі ў Дзяржынскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці ў Станькава. Яна прадстаўляе багатую калекцыю музычных інструментаў народаў свету, у пераважнай большасці выкананых адмысловымі майстрамі ўручную.
Уладальнік незвычайнага збору – малады жыхар Дзяржынска, удзельнік народнага аматарскага аб’яднання “Калаўрот”, Руслан Пекаў. Сёлета ён не аднойчы выступаў на разнастайных творчых пляцоўках, абараняючы гонар раёна на абласных і рэспубліканскіх фестывалях з гістарычнай тэматыкай. Руслан надзвычай натуральна ператвараўся ў каларытнага сярэднявяковага музыку, іграў на старажытных народных інструментах са сваёй калекцыі. Яго выступленні кожны раз прыцягвалі шмат увагі, выклікалі захапленне, уздымалі настрой, стваралі асаблівую чароўную атмасферу.
У будзённым жыцці Руслан вельмі запатрабаваны спецыяліст, працуе наладчыкам швейнага абсталявання. А вольны час нязменна прысвячае музыке. У дзяцінстве ён наведваў Дзяржынскую школу мастацтваў па класу баяна, пакуль не перашкодзілі праблемы са здароўем. Але прага жывога гуку засталася з ім назаўсёды.
Сваю калекцыю ён пачаў збіраць каля пятнаццаці гадоў назад. Сёння ў ёй больш за сотню музычных інструментаў з розных краін свету, калі быць дакладным – сто шэсць. Свае “экспанаты” Руслан выбірае менавіта па гучанню: пачутая выпадкова мелодыя можа заахвоціць яго на пэўны пошук, што за інструмент стварае зацікавіўшы гук. Так у калекцыі з’явіліся і індзейскія нафы, і японская сякухаці, і турэцкі нэй, і цібецкая сарангі, і тайскі кхлый і шмат-шмат іншых дзівосаў. Пачэснае месца ў калекцыі займаюць беларускія народныя інструменты – дуда, жалейка, чаротка, акарыны, колавая ліра.
Сам Руслан, гаворочы пра вытокі свайго захаплення, у першую чаргу выказвае падзяку бацькам, якія вадзілі яго маленькага займацца музыкай. Уважлівыя да развіцця ўнутранага свету сына, яны дапамаглі яму зрабіць першыя крокі ў чароўны сусвет.
Вядома, не кожны інструмент калекцыі дасканала падуладны Руслану як выканаўцу, але ён імкнецца асвоіць усе, каб зноў і зноў вяртацца да таго цудоўнага гучання, што ўзрушыла і прывабіла яго душу.
Выстава ў Станькава будзе працаваць на працягу месяца. Па папярэдняму запісу можна дамовіцца аб экскурсіі з удзелам Руслана, каб больш даведацца пра разнастайнасць музычных інструментаў і адчуць асалоду жывога гуку з шматвекавой гісторыяй.



