«Мужык і Жонка»: у бібліятэцы убачыла свет новая тэатралізаваная пастаноўка — Минский областной центр народного творчества
Минский областной центр народного творчества

«Мужык і Жонка»: у бібліятэцы убачыла свет новая тэатралізаваная пастаноўка

Ці любіце вы беларускія народныя казкі? Ды такія, каб іх змест забаўляў і смяшыў вас? Каб гумар быў трапным і дасціпным? Каб напрыканцы ўсіх падзей з’явілася жаданне паразважаць: а што будзе далей? Менавіта на такі тэатралізаваны спектакль запрасілі супрацоўнікі Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя І.Х. Каладзеева – артысты творчага аб’яднання «Падзея», якое не першы год працуе на базе дзіцячага аддзела. 7 снежня адбылася прэм’ера тэатралізаванай пастановы па матывах беларускай народнай казкі «Мужык і Жонка».

«У адной вёсцы жыў Мужык з Жонкаю. І быў гэты Мужык вельмі нялюдскі: заўсёды шукаў прычыну, каб пасварыцца з Жонкаю…»  Што было далей?  А далей Жонка прапанавала Мужыку памяняцца хатнімі і гаспадарчымі абявязкамі, пры гэтым папрасіла даражэнькага нічога не пераблытаць, ні пра што не забыцца і ўсё паспець. Думаеце, у яго гэта атрымалася? Канешне, не! І «дапамог» яму, як вы думаеце, хто? Чорт! Так-так! Ён заўсёды ўмешваецца ў справы там, дзе няма ладу і паразумення. І ў гэтай хаце Чорт – вялікі шкоднік – прывучыў Мужыка.

Дзякуй Богу, справа скончылася добра – мірным частаваннем за сталом, песнямі і скокамі. Нават гледачы (навучэнцы шостых класаў сярдняй школы №22 г. Барысава) кінуліся танчыць і хараводы вадзіць. І так было ўсім весела, хоць новую казку складай.

Сустрэча завяршылася сумесным фатаграфаваннем артыстаў і гледачоў. Дарэчы, як падзялілася аўтар тэатралізаванай пастаноўкі, загадчык дзіцячым аддзелам Марыя Окала-Кулак (яна ж іграла Жонку), выбар спектаклю па матывах аднайменнай беларускай народнай казкі зрабілі таму, што яна павучальная і аднолькава будзе зразумела як дарослым, так і дзецям. У сцэнарнай распрацоўцы Марыі Ігараўне дапамагала Марына Лайкова, якая разам с дачкой Веранікай яшчэ і адказвала за музычнае афармленне дзеі.

Вялікі дзякуй трэба сказаць артыстам! Хоць яны і не прафесіяналы вялікай сцэны, але ж выступалі так, быццам даўно сапраўдныя майстры тэатральных падмосткаў. Мужыка таленавіта прадставіў Павел Алейнік, Чорта – Юлія Харламава, суседку – Ганна Маскалёва, Маці і Бацьку Жонкі – Ала Смірнова і Васіль Ількавец.

 

 

 

 

 

Алена БРЫЦКАЯ