Выстава Наталлі Мураўёвай «Паглядзі двойчы» — Минский областной центр народного творчества
Минский областной центр народного творчества

Выстава Наталлі Мураўёвай «Паглядзі двойчы»

Выстава арганізавана ў межах напрамку дзейнасці Цэнтра па падтрымцы творчасці маладых мастакоў. Канцэпцыя экспазіцыі прысвечана раскрыццю двоіснага характару мастацкага таленту Наталлі Мураўёвай і будзе спалучаць эмацыянальнасць імпрэсіяністычнага жывапісу і інтэлектуальнасць афортаў. Назва «Паглядзі двойчы» падкрэслівае спалучэнне двух відаў выяўленчага мастацтва, а таксама падказвае гледачу, што творы маюць глыбокі сэнс, для разумення якога патрэбны час і старанне.

Адзін бок творчасці Наталлі Мураўёвай — гэта жывапіс, які развіваецца ў дастаткова класічнай стылістыцы. Мастачка прытрымліваецца тут спадчыны беларускай школы жывапісу з яе ўвагай да каларыстычных пошукаў, цікаўнасцю да краявідаў і тэматычных нацюрмортаў. Глядач пазнаёміцца з прыродай і архітэктурнымі помнікамі Беларусі і Расіі, якія мастачка напісала падчас пленэраў. Акрамя гэтага экспазіцыя літаральна напоўнена водарам і фарбамі букетаў садовых кветак, якія адлюстраваны на палотнах.

Другі бок — гэта графічныя пошукі. Наталля Мураўёва працуе ў тэхніцы афорта. Сюжэты яе эстампаў маюць сувязь з сусветнай (М. дэ Сервантэс, Экзюперы і інш.) і беларускай літаратурай (І. Мележ, Ул. Караткевіч і інш.), а таксама з агульнавядомымі ў культурным полі вобразамі русалак і прынцэс, піратаў і рыцараў і інш. Галоўныя рысы графічных лістоў мастачкі — гэта шматфігурныя кампазіцыі, якія маюць вельмі дэталізаваны малюнак і дастаткова іранічны характар адлюстравання герояў.

 

Выстава працуе з 23 мая па 29 чэрвеня 2025 г.

 

Месца правядзення: мастацкая галерэя «Цэнтр» ДУ «Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці»

Адрас: Мінск, вул. Гікалы, 4

Час працы: серада-нядзеля: 11:00 — 19:00

Тэл. 8017 342 50 76              @gallery_centre

Кошт уваходнага білета – 3 руб., студэнцкага, дзіцячага, ільготнага білета – 1 руб.