Адкрыццё выставы «РУХАЎСКІЯ ДЫВАНЫ» — Минский областной центр народного творчества
Минский областной центр народного творчества

Адкрыццё выставы «РУХАЎСКІЯ ДЫВАНЫ»

3 чэрвеня (серада) 2026 года ў мастацкай галерэі ДУ «Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці» у 18.00 адбудзецца адкрыццё выставы «РУХАЎСКІЯ ДЫВАНЫ»

Традыцыя вырабу дываноў у тэхніцы аплікацыі саломкай па тканіне ў Старадарожскім раёне ўяўляе сабой адметную старонку ў гісторыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларусі. Творчасць майстрых саламянай аплікацыі менавіта з вёскі Рухава ўзняла гэты від народнай творчасці на высокі мастацкі ўзровень і сфарміравала адметныя мясцовыя традыцыі вырабу так званых «рухаўскіх дываноў».
Выраб дываноў у тэхніцы аплікацыі саломкай па тканіне, які мае распаўсюджанне ў в. Рухава, аг. Палажэвічы, г. Старыя Дарогі Старадарожскага раёну Мінскай вобласці ўнесены ў 2020 г. у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
Пачынальніцай мясцовай мастацкай традыцыі стала Кацярына Максімаўна Русаковіч (1925-1997), якая стала развіваць распаўсюджаны ў пасляваенны час спосаб дэкаравання жылых памяшканняў і ствараць вырабы, што выклікалі захапленне не толькі ў жыхароў сваёй і суседніх вёсак, але і ў аматараў народнай творчасці па ўсяму Савецкаму Саюзу. Майстрыха натхніла сваякоў і аднавяскоўцаў, сярод якіх высокага ўзроўню майстэрства дасягнулі Надзея Міхайлаўна Пілюк (1924-2007) і Марыя Міхайлаўна Русаковіч (нар. 1943). Апошняя з іх выгадавала маладых пераемнікаў рамяства, супольнасць якіх сёння дзейнічае ў Старадарожскім раёне. На занятках у гуртках ДУК «Старадарожскі цэнтр рамёстваў», захоўваючы традыцыі вырабу дываноў, майстры перадаюць сваё майстэрства маладому пакаленню, якое лічыць каштоўнасцю мясцовую мастацкую традыцыю і па праву ганарыцца сваімі таленавітымі продкамі.

Традыцыйныя рухаўскія дываны ўяўляюць сабой насценныя пано буйнога памеру, дэкараваныя аплікацыяй з саломкі яскравых колераў па чорнай тканіне, нацягнутай на драўляны падрамнік. Сіметрычнае размяшчэнне саламяных узораў па ўсёй паверхні пачынаецца з галоўнага цэнтральнага матыву, якім могуць быць пышны букет кветак, дрэва з птушкамі, пара аленяў, зайцоў або галубоў, выкананыя ў наіўна-рэалістычнай манеры і абрамленыя раслінным вянком. Па краях дыван мае акаймоўку з разетак, кветак і раслінных парасткаў.
Дэкаратыўныя і жыццярадасныя рухаўскія дываны арганічна і натуральна ўключыліся ў традыцыйны інтэр’ер народнага жылля побач з вырабамі ткацтва, карункамі і іншымі ўзорамі народнай мастацкай творчасці. У рухаўскіх дыванах спалучыліся як дасягненні ўласна аплікацыі саломкай, так і іншых відаў народнага мастацтва: маляваных дываноў, тканых посцілак, вышыўцы.
У вырабах старадарожскіх майстрых адлюстравана душа народа, яго характар, лад жыцця, пачуцці і ўяўленні аб лепшым жыцці. У сённяшняе жыццё рухаўскія дываны таксама ўносяць святочнасць і прыгажосць, уваходзяць у сучасны побыт, як мастацкія творы, сувеніры, памятныя падарункі, што адпавядаюць эстэтычным ідэалам нашага народа, захаваным і перададзеным старэйшымі майстрамі маладому пакаленню.
Падчас працы выставы 20 чэрвеня а 12-й гадзіне будзе праведзены майстар-клас ад лепшых майстроў Старадарожшчыны. У экспазіцыі выставы арганізаваны інтэрактыўны куток для дзяцей, дзе яны праз гульню могуць лепш пазнаёміцца з рухаўскімі дыванамі.

Выстава працуе з 3 па 28 чэрвеня 2026 г.


Месца правядзення: мастацкая галерэя «Цэнтр» ДУ «Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці»
Адрас: Мінск, вул. Гікалы, 4
Час працы: пяняделак-пятніца: 11:00 — 19:00
Тэл. 8017 342 50 76 @gallery_centre
Кошт уваходнага білета – 5 бел.руб., ільготнага білета – 2 бел.руб.