Волкава Марыя Аляксандраўна — Минский областной центр народного творчества
Минский областной центр народного творчества

Волкава Марыя Аляксандраўна

Народны майстар Беларусі

Пра ўсё забывае Марыя Аляксандраўна, калі садзіцца за ткацкі станок. Нітачку да нітачкі кладзе, тчэ дзівосныя ўзоры. Здаецца, што ў тканае палатно ўплецены народныя песні, легенды, казкі.
Яна нарадзілася ў вёсцы Пасека, на ўскрайку паселішча ў 1936 годзе. У дзяцінстве прыйшлося зведаць шмат нягод. Маці памерла, калі Марыі было восем гадоў, і да прыходу бацькі з фронту яна знаходзілася ў Дараганаўскім дзіцячым доме. Вярнуўшыся, бацька забраў дзяўчынку ў сваю новую сям’ю ў вёску Шапчыцы. У гэты час было голадна, не было вопраткі. Жыццё не песціла, таму старалася ўсё ўмець.
Марыя Аляксандраўна ткаць навучылася яшчэ ў дзяцінстве. Мачаха не надта была ахвочая да гэтага рамяства, і дзяўчынка бегала да суседак, назірала за імі, калі яны працавалі за кроснамі, вучылася церці лён, трапала і абдзірала кужаль, прала кудзелю. Таксама яна добра ўмее вязаць шыдэлкам і пруткамі, вышываць гладдзю і крыжыкам. Сядзець за кроснамі і ткаць ёй падабалася, таму і стала прасіць бацьку, каб зрабіў ёй станок. Яна ткала з радасцю і любоўю. Яе вырабы цікавілі, вабілі не толькі сваякоў, але і вяскоўцаў.

Амаль кожная жанчына пасля вайны ўмела ткаць, але заправіць ўзор (накідаць кросны) маглі толькі вопытныя майстрыхі. Такіх было ў вёсцы мала, іх запрашалі на дапамогу. Марыя таксама дапамагала іншым, нікому не адмаўляла і дзялілася сакрэтамі рамяства, як некалі дзяліліся з ёю суседкі.
Захапленне ткацтвам Марыя Аляксандраўна пранесла праз усё жыццё, а пасля яно стала яе прафесіяй.
У 2004 годзе М.А Волкава за асабісты ўклад у развіццё традыцыйнага ткацтва была адзначана Падзякай Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі. У 2007 годзе ёй першай у нашай краіне было прысвоена ганаровае званне “Народны майстар Беларусі” у галіне ткацтва – за высокае майстэрства і асабісты ўклад у адраджэнне і развіццё традыцый ткацтва”. Яе ручнікі ёсць у калекцыі прэзідэнтаў Беларусі, Украіны, Расіі. Кіраўніку нашай краіны Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку свой ручнік майстрыха ўручыла асабіста – у 2005 годзе пад час ўрачыстага мерапрыемства на Кургане Славы.

Прафесійнае майстэрства жанчыны было ацэнена на абласных і рэгіянальных святах-конкурсах па ткацтве “Матчыны кросны” і “Млечны шлях ад рук бабулі”, рэспубліканскім фестывалі-кірмашы рамёстваў “Вясновы букет”. Работы ткачыхі экспанаваліся на нацыянальнай выстаўцы народнага мастацтва “Жывыя крыніцы”, на 2-ім Міжнародным з’ездзе майстроў народнай творчасці “Слабацкі пасад”, а таксама ў  Магілёўскім музеі этнаграфіі. Марыя Аляксандраўна ўладальніца Гран-Пры II абласнога свята-конкурсу “Матчыны кросны” ў рамках 15-га Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”.