Мастацтва выцінанкі — Минский областной центр народного творчества
Минский областной центр народного творчества

Мастацтва выцінанкі

Выцінанка – від народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, ажурны ўзор, выразаны з чорнай, белай ці каляровай паперы; а таксама тэхніка выразання з паперы. Асноўныя рысы народнай выцінанкі – сіметрыя і дэкаратыўнасць вобразаў. У беларускай выцінанцы сустракаюцца восевая (люстэркавая), радыяльная і рапортная сіметрыя, а таксама спалучэнне некалькіх яе відаў.

Мінская вобласць займае асобнае месца ў развіцці мастацтва выцінанкі. На базе аддзялення дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага вучылішча імя                                  М.К. Агінскага, паспяхова дзейнічае адзіная ў краіне школа выцінанкі. Заснавальнікам аддзялення з’яўляецца вядомая майстрыха Вікторыя Мікітаўна Чырвонцава, пачынальніца славутай дынастыі выцінаншчыкаў. Зацікаўленасць гісторыяй і тэорыяй арнаменту, зварот да традыцыйнай культуры, вобразаў беларускай міфалогіі, схільнасць для эксперыментаў, пошуку новых форм – вось асноўныя рысы школы. У 2001 годзе Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь была зацверджана методыка выкладання выцінанкі, распрацаваная Вікторыяй Мікітаўнай.

Яскравымі прадстаўнікамі маладзечанскай школы з’яўляюцца Наталля і Лізавета Чырвонцавы, Людміла Валковіч-Борыс, Вольга Бабурына, Вольга Маслава, Алена Кучко, Вольга Сарока і інш. (Маладзечна), Вольга Харлінская (Валожынскі раён), Таццяна Пенкрат (Чэрвеньскі раён), Вольга Пілецкая (Клецкі раён), Марыя Ганчарык (Мядзельскі раён), Святлана Адзінец, Марына Сярчэня, Алена Радкевіч, Наталля Адзінец і інш. (Любанскі раён), Наталля Сухая (Мінск), Ганна Перліна (Віцебск), Юлія Каўрус (Нароўля) і інш..

Кожную работу прадстаўнікоў маладзечанскай школы можна чытаць як тэкст, у якіх словамі з’яўляюцца знакі і сімвалы. Яны адметныя выразнасцю кампазіцыі, стылізацыяй, якаснай тэхнікай выканання, лаканічнасцю вобразаў, выкарыстаннем традыцыйнай старажытнай сімволікі.

Майстры праводзяць выставы, удзельнічаюць у майстар-класах, семінарах, форумах, сімпозіумах, конкурсах, пленэрах. Многія з іх перадаюць сваё майстэрства дзецям праз навучанне ў гуртках пры клубных і навучальных установах.

Развіццю мастацтва выцінанкі спрыяе цэлы шэраг мерапрыемстваў: святаў-конкурсаў, выстаў абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў.                З 2000 года г. Маладзечна прымае абласное свята-конкурс майстроў выцінанкі “Папяровыя карункі”. На базе УА “Мінскі дзяржаўны музычны каледж імя М.К.Агінскага” праводзіцца Міжнародны сімпозіум па пытаннях мастацкага выразання з паперы.

Уключэнне дадзенага элемента (Беларускае мастацтва выцінанкі)                                            ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь будзе спрыяць яго папулярызацыі і перадачы тэхналогіі вырабу мясцовых відаў выцінанкі, даследаванню лакальных і рэгіянальных узораў выцінанкі, аб’яднанню намаганняў розных супольнасцей па захаванні                                 і развіцці выцінанкі, а таксама ўдасканаленню майстэрства майстроў-выцінаншчыкаў.