Мастацтва выцінанкі
- 29.11.2021 12:52
- 811
Выцінанка – від народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, ажурны ўзор, выразаны з чорнай, белай ці каляровай паперы; а таксама тэхніка выразання з паперы. Асноўныя рысы народнай выцінанкі – сіметрыя і дэкаратыўнасць вобразаў. У беларускай выцінанцы сустракаюцца восевая (люстэркавая), радыяльная і рапортная сіметрыя, а таксама спалучэнне некалькіх яе відаў.
Мінская вобласць займае асобнае месца ў развіцці мастацтва выцінанкі. На базе аддзялення дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага вучылішча імя М.К. Агінскага, паспяхова дзейнічае адзіная ў краіне школа выцінанкі. Заснавальнікам аддзялення з’яўляецца вядомая майстрыха Вікторыя Мікітаўна Чырвонцава, пачынальніца славутай дынастыі выцінаншчыкаў. Зацікаўленасць гісторыяй і тэорыяй арнаменту, зварот да традыцыйнай культуры, вобразаў беларускай міфалогіі, схільнасць для эксперыментаў, пошуку новых форм – вось асноўныя рысы школы. У 2001 годзе Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь была зацверджана методыка выкладання выцінанкі, распрацаваная Вікторыяй Мікітаўнай.
Яскравымі прадстаўнікамі маладзечанскай школы з’яўляюцца Наталля і Лізавета Чырвонцавы, Людміла Валковіч-Борыс, Вольга Бабурына, Вольга Маслава, Алена Кучко, Вольга Сарока і інш. (Маладзечна), Вольга Харлінская (Валожынскі раён), Таццяна Пенкрат (Чэрвеньскі раён), Вольга Пілецкая (Клецкі раён), Марыя Ганчарык (Мядзельскі раён), Святлана Адзінец, Марына Сярчэня, Алена Радкевіч, Наталля Адзінец і інш. (Любанскі раён), Наталля Сухая (Мінск), Ганна Перліна (Віцебск), Юлія Каўрус (Нароўля) і інш..
Кожную работу прадстаўнікоў маладзечанскай школы можна чытаць як тэкст, у якіх словамі з’яўляюцца знакі і сімвалы. Яны адметныя выразнасцю кампазіцыі, стылізацыяй, якаснай тэхнікай выканання, лаканічнасцю вобразаў, выкарыстаннем традыцыйнай старажытнай сімволікі.
Майстры праводзяць выставы, удзельнічаюць у майстар-класах, семінарах, форумах, сімпозіумах, конкурсах, пленэрах. Многія з іх перадаюць сваё майстэрства дзецям праз навучанне ў гуртках пры клубных і навучальных установах.
Развіццю мастацтва выцінанкі спрыяе цэлы шэраг мерапрыемстваў: святаў-конкурсаў, выстаў абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў. З 2000 года г. Маладзечна прымае абласное свята-конкурс майстроў выцінанкі “Папяровыя карункі”. На базе УА “Мінскі дзяржаўны музычны каледж імя М.К.Агінскага” праводзіцца Міжнародны сімпозіум па пытаннях мастацкага выразання з паперы.
Уключэнне дадзенага элемента (Беларускае мастацтва выцінанкі) ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь будзе спрыяць яго папулярызацыі і перадачы тэхналогіі вырабу мясцовых відаў выцінанкі, даследаванню лакальных і рэгіянальных узораў выцінанкі, аб’яднанню намаганняў розных супольнасцей па захаванні і развіцці выцінанкі, а таксама ўдасканаленню майстэрства майстроў-выцінаншчыкаў.
Поделиться в:
- 20.01.2025 14:16
Конкурс красоты «Мисс Несвиж 2025»
- 20.01.2025 08:53
«Ангел Рождества» и «Наши дети»
- 17.12.2024 14:40
Рэспубліканская выстаўка народнай творчасці «Калядныя ўзоры»
- 02.12.2024 16:46
ХІV областной фестиваль народных театров «Березинская рампа»
- 28.11.2024 14:54