Усё жыццё Наталя Рыгораўна цягнулася да прыгожага, старалася як магла лепей ўпрыгожыць свой быт. Шмат вышывала, ткала, але самым любімым і асаблівым заняткам для яе стала мастацтва выразання (у Засмужжы і Рачэні яго называюць выстрыганкі). Вучылася яна рамяству гэтаму, як і іншым, ад сваёй бабулі і мамы Хвядоры. Спачатку прыглядвалася як і што яны рабілі а затым і сама стала гэтым займацца. Цікава, што вырабы свае яна робіць як з паперы так і з тонкага паркалю, аздабляючы іх контурнай расфарбоўкай.
З-пад умелых рук выходзяць прыгожыя фіранкі на вокны, для аздабленне іконы, на рамкі, сурвэткі, вугалочкі, засціланкі на паліцы, ручнічкі, пано. Нават упрыгожванне на святочную павозку для маладых на вяселле ў выглядзе папяровых кветак. Умела выразае спецыяльныя ручнічкі на ахвяравальныя і надмагільныя крыжы да Радаўніцы. Узоры на вырабах архаічныя і цалкам традыцыйныя, перанятыя ад старэйшага пакалення. Нават назвы іх традыцыйныя: “лялечкамі”, “у кветкі”, “букетам”, “у сухарыкі”, “ражочкі”.
Трэба абавязкова адзначыць, што гэта таленавітая жанчына яшчэ і пастаянная ўдзельніца аўтэнтычнага фальклорнага гурта “Шчодрык”, які больш за 30 гадоў плённа працуе пры Рачэнскім сельскім Доме культуры.
Работы Н. Р.Адзінец вылучаюцца сваеасаблівым святлом і ўнутранай дабрынёй. Яны - сапраўднае народнае мастацтва ад каранёў і да глыбінь.