Выстава “ПОСЦІЛКІ +”

Выстава “ПОСЦІЛКІ +”
31 ліпеня (серада) 2024 года ў 17.30 у мастацкай галерэі ДУ «Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці» мае адбыцца адкрыццё выстаўкі “ПОСЦІЛКІ +”
У межах праекту “Традыцыі і сучаснасць”, прымеркаванага да 85-годдзя дзяржаўнай установы “Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці” у мастацкай галерэі “Цэнтр” арганізавана выстаўка “Посцілкі +”. У экспазіцыю ўвайшлі вытканыя беларускімі майстрыхамі посцілкі і творы сучасных мастакоў, якія натхніліся традыцыйным беларускім ткацтвам.
Посцілкі магчыма разглядаць як універсальны інструмент па стварэнню прыгожай і ўтульная прасторы хаты, а таксама як унікальную “капсулу”, што захоўвае традыцыйныя веды і яднае пакаленні. Гэты від мастацкіх тканін становіцца найбольш папулярным у пасляваенны час — у 1950-1960-я гг. Посцілкі былі важнай часткай вясельнага пасагу, іх засцілалі на ложкі і канапы, лавы і куфры, ужывалі ў выглядзе абрусу на святы, а таксама ў якасці спецыяльнага рэпрэзентатыўнага “фону” для фотаздымкаў.
У канцэпцыю выстаўкі не ўваходзяць “музейныя” мэты па ўсебаковаму адлюстраванню з’явы, а ляжыць ідэя паказаць унікальнасць і актуальнасць посцілак, як у справе захавання і перадачы традыцый і рамяства, так і ў якасці невычэрпнай крыніцы натхнення.
Аснову выстаўкі склалі посцілкі 1950-1970-х гг. з калекцыі Вілейскага краязнаўчага музея, Раённага Цэнтра ткацтва а.г. Семежава, фондаў народнага калектыву “Майстры Ігуменшчыны” Чэрвеньскага раённага цэнтра культуры і адпачынку. Акрамя гэтага глядач зможа ўбачыць посцілкі сучаснага Народнага майстра Рэспублікі Беларусь — Таццяны Волкавай, вытканыя ўжо ў 2000-х гг.
Адмыслова для праекта мастачка па тэкстылю Наталія Філіпенка і мастак па металу Яўген Рыжоў стварылі калекцыю брошак у аўтарскай тэхніцы з арнаментамі перанятымі з канкрэтных экспанатаў Вілейскага краязнаўчага музея. Міла Землякова, натхняючыся беларускай прыродай і традыцыямі, стварае тэкстыльныя скульптуры таксама ў арыгінальнай аўтарскай тэхніцы, на выставе гледачоў будзе сустракаць яе заяц Васіль. Мастак Андрэй Карпянкоў пакажа жывапісныя палотны з двух серый. “Тканіна жыцця” — гэта філасофскія разважанні аўтара аб лёсе чалавека. Другі цыкл спалучае дэкаратыўнасць і яркасць арнаментаў з народных тканых посцілак і рэалістычнасць фрагментаў беларускіх краявідаў, адсылаючы да вобразаў часу дзяцінства “ў бабулі на вёсцы”.
Экспазіцыю зала дапаўняюць фотаздымкі сярэдзіны ХХ ст. з беларускімі вяскоўцамі на фоне посцілак. Партрэтныя і сямейныя здымкі на фоне посцілак, дэманструюць ідэю непарыўнасці роду і даюць магчымасць сучаснаму гледачу перанесціся ў мінулы час. Непасрэдна датыкнуцца да гэтай спецыфічнай культурнай з’явы дапаможа арганізаваная для наведвальнікаў адмысловая фотазона з фонам-посцілкай.
Падчас працы выстаўкі пройдуць куратарскія агляды выставы, а таксама лекцыі, майстар-класы, конкурсы, працуе фотазона.
Выстава працуе з 31 ліпеня па 15 верасня 2024 г.
Месца правядзення: мастацкая галерэя «Цэнтр» ДУ «Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці»
Адрас: Мінск, вул. Гікалы, 4
Час працы: серада-нядзеля: 11:00 — 19:00
Тэл. 8017 342 50 76 @gallery_centre
Кошт уваходнага білета – 3 руб., студэнцкага, дзіцячага, ільготнага білета – 1 руб.
Расклад на бліжэйшыя мерапрыемствы:
Куратарскія агляды
Куратарскія агляды пройдуць:
2 жніўня (пятніца), 18.00.
8 жніўня (чацвер), 18.00.
Кошт — уваходны квіток у галерэю: 3 р. поўны, 1 р. ільготны.
Расклад аглядаў на верасень будзе размешчаны пасля 03.09.2024.
Майстар-клас ад Кацярыны Цешка
Віншавальная паштоўка з выявай птушкі (акварэль, змешаная тэхніка)
9 жніўня (пятніца), 17.30.
17 жніўня (субота), 12.00.
Кошт — 15 руб., матэрыялы ўключаны ў кошт.
Творчая сустрэча з мастаком па тэкстылю Наталіяй Філіпенка
3 жніўня (субота), 16.00.
Мастачка распавядзе пра тэхналогію стварэння ўнікальных брошак для выстаўкі. А таксама прэзентуе свае іншыя творчыя праекты, у прыватнасці, госці галереэі даведуюцца пра то, як гісторыя мастацтваў стала імпульсам для стварэння аўтарскія брошак-“копій” карцін, пра тое, хто з дзеячоў культуры натхніў на стварэнне брошак-партрэтаў і… шмат пра што іншае.
Кошт — уваходны квіток у галерэю: 3 р. поўны, 1 р. ільготны.
Прапаноўваем паўдзельнічаць у нашым онлайн-конкурсе АЛЬБОМ “ЦЭНТР”
Для гэтага трэба:
- Зрабіць фотоаздымак на фоне посцілкі ў экспазіцыі выстаўкі
- Размясціць яго ў Інстаграм з хэштэгам #альбомцэнтр
- Даслаць фотаздымак у інстаграм галереэі @centre_gallery
Вынікі конкурса будуць падведзены пасля завяршэння выстаўкі (пераможцаў чакаюць прыемныя прызы!), а ў зацікаўленых народным мастацтвам будзе магчымаць убачыць віртуальную галерэю сучаснікаў на фоне посцілак, пры пошуку па ўнікальнуму хэштэгу #альбомцэнтр.
Далучайцеся!
Сачыце за нашымі навінамі і новымі мерапрыемствамі ў Інстаграм @centre_gallery, на сайце cultur.by, або ўдакладняйце расклад па тэлефоне 8017 377 40 91