Выстава фатаграфіі Анатоля Дудкіна «Нарачанскія ўдовы»
5 лютага (серада) 2025 года а 17 гадзіне ў мастацкай галерэі ДУ «Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці» мае адбыцца адкрыццё выставы фатаграфіі Анатоля Дудкіна «Нарачанскія ўдовы», прымеркаванай да 80-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і 90-годдзя фатографа.
Цыкл «Нарачанскія ўдовы» быў зняты ў 1980-х гадах у вёсках у наваколлі возера Мядзель (Мінская вобласць). Гэта партрэтныя і бытавыя фотаздымкі, якія раскрываюць лёс жанчын, што засталіся самотнымі ў выніку вайны. Партрэтныя здымкі А.Дудкіна адрозніваюцца вострым псіхалагізмам, праз рысы аблічча, выраз твару гераінь выбудоўваецца сапраўдная гісторыя іх жыцця… У сюжэтна-бытавых працах гэтага цыклу ўтрымліваецца шмат этнаграфічных дэталяў, што дапамагае сучаснаму гледачу лепш зразумець складанасці пасляваеннага часу.
Анатоль Дудкін нарадзіўся ў 1935 г. 1959–1973 гг. працаваў артыстам арыгінальнага жанру ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі. З 1973 г. пачаў займацца фотасправай. Анатоль Дудкін арганізатар і кіраўнік Мінскага абласнога фотаклуба «Крыніца» пры Мінскім абласным навукова-метадычным цэнтры народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы (сёння Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці). Ён з’яўляўся ўдзельнікам і арганізатарам шматлікіх фотавыставак, і фотапленэраў, а таксама ініцыятарам стварэння раённых аматарскіх фотааб’яднанняў.
У падрыхтоўцы юбілейнай выставы Анатоля Дудкіна скарыстаны фатаграфіі з прыватных калекцый Заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Юрыя Сяргеевіча Васільева і фотамастака Юрыя Элізаровіча. У экспазіцыю ўвайшлі больш за 30 фотаздымкаў розных год.
Выстава працуе з 5 лютага па 3 сакавіка 2025 г.
Месца правядзення: мастацкая галерэя «Цэнтр» ДУ «Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці»
Адрас: Мінск, вул. Гікалы, 4
Час працы: серада-нядзеля: 11:00 — 19:00
Тэл. 8017 342 50 76 @gallery_centre
Кошт уваходнага білета – 3 руб., студэнцкага, дзіцячага, ільготнага білета – 1 руб.