Графіка. Плакат — Минский областной центр народного творчества
Минский областной центр народного творчества

Графіка. Плакат

25 лістапада а 16.00 у галерэі «Цэнтр» Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці адбудзецца ўрачыстае адкрыццё выставы работ навучэнцаў Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А. К. Глебава «Графіка. Плакат», прысвечанай 75-годдзю каледжа.

За 75 гадоў каледж набыў статус адной з вядучых устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі мастацкага профілю краіны. Мінскае мастацкае вучылішча (менавіта так раней называўся каледж) стала для многіх знакамітых мастакоў першай прыступкай на прафесійным шляху. Установа сярэдняй спецыяльнай адукацыі стала цэнтрам падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне выяўленчага, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, скульптуры і дызайну, і тым самым зрабіла значны ўнёсак у развіццё культуры Мінскай і іншых абласцей рэспублікі. Захаванне лепшых традыцый, спалучэнне высокага майстэрства выканання з вынікамі творчага досведу заўсёды з’яўляліся адметнай рысай каледжа.

На выставе прадстаўлены работы выпускнікоў і навучэнцаў у такіх відах выяўленчага мастацтва, як графіка і плакат. Мастацкія вобразы твораў выяўляюць унікальныя кампазіцыйныя спалучэнні сэнсу і зместу, дэманструюць шырокі дыяпазон творчых манер, а таксама значную ўвагу да каляровай гамы, каларыту, тону, прасторавай глыбіні, пластыкі і яскравай сімвалічнасці. Відавочна, кожны ўдзельнік выставы дэманструе свой талент і асабісты стыль. Нягледзячы на ўзнікненне інавацыйных тэхнік, выстава ў цэлым сведчыць аб пераемнасці традыцый у беларускім выяўленчым мастацтве.

У адкрыцці выставы прымуць удзел выкладчыкі і навучэнцы Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А. К. Глебава, прадстаўнікі аддзела культуры горада і вобласці, настаўнікі і вучні мастацкіх школ і студый, аматары мастацтва.