Выстава акварэльных работ Вольгі Данілюк «Празрыстасць»
26 ліпеня (серада) 2023 года а 17 гадзіне ў мастацкай галерэі ДУ «Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці» мае адбыцца адкрыццё акварэльных работ Вольгі Данілюк «Празрыстасць».
Вольга Данілюк жыве ў Брэсце, па адукацыі мастак-выкладчык, а як творца аддае перавагу акварэлі і баціку. Актыўны ўдзельнік пленэраў і мастацкіх выстаў.
На выставе «Празрыстасць» мастачка дэманструе гледачам творы, інспірацыяй для якіх сталі кветкі. Празрыстасць, цякучасць, непрадказальнасць і паветранасць акварэльнай фарбы дапамагаюць мастачке паглыбіцца ў працэс жывапісу, і выявіць свае эмацыянальныя адносіны да хараства раслін.
Жаночая інтуіцыя і пачуццё прыгажосці, уменне натхняць і быць пяшчотнай праявіліся ў празрыстых слаях акварэльнай фарбы, якімі мадэлююцца вытанчаныя касачы, пышныя півоні, сціплыя рамонкі… Празрыстасць фарбаў не навязвае, а дае гледачам магчымасць адчуваць, дапаўняць, наслойваць свае ўражанні на ўбачаныя вобразы.
Кветкі з іх прыгажосцю і сімвалізмам здаўна былі прадметам творчага інтарэсу мастакоў. У сучаснай культуры, паступова губляючы семантычную глыбіню, іх выявы становяцца спосабам любавання прыгажосцю быцця, якасным пражываннем бягучага моманту жыцця, магчымасцю творчага мастацкага выказвання.
У экспазіцыю ўвайшлі творы і дэталёва прапрацаваныя, і больш свабодныя, напісаныя экспрэсіўна. Рухі пэндзля надаюць жыццё кветкам, а ўжыванне градыентаў, танавых кантрастаў і пераходаў дапамагаюць перадаць іх спецыфічныя характарыстыкі, не губляючы лёгкасці і непасрэднасці.
Сінтэз акварэльнай фарбы, кветак і жаночай энергетыкі дае цікавы вынік, паглыбленне ў празрыстыя хвалі якога, можа стаць неверагодна захапляльнымі досведам.
Выстава працуе з 26 ліпеня па 3 верасня 2023 г.
Месца правядзення: мастацкая галерэя «Цэнтр» ДУ «Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці»
Адрас: Мінск, вул. Гікалы, 4
Час працы: серада-нядзеля: 11:00 — 19:00
Тэл. 8017 342 50 76
Кошт уваходнага білета – 3 руб., студэнцкага, дзіцячага, ільготнага білета – 1 руб.