Выстава «ІНСІТНЫЯ МАСТАКІ МІНШЧЫНЫ: ПЕРСОНЫ» — Минский областной центр народного творчества
Минский областной центр народного творчества

Выстава «ІНСІТНЫЯ МАСТАКІ МІНШЧЫНЫ: ПЕРСОНЫ»

26 чэрвеня (серада) 2024 года ў 17:30 у мастацкай галерэі ДУ «Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці» мае адбыцца адкрыццё выставы «ІНСІТНЫЯ МАСТАКІ МІНШЧЫНЫ: ПЕРСОНЫ»

Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці на базе мастацкай галерэі «Цэнтр» працягвае цыкл выстаў мастакоў-самавукаў Міншчыны з мэтай падтрымкі, папулярызацыі і каталагізацыі іх творчасці. Гэта ўжо трэцяя выстава з цыклу экспазіцый твораў таленавітых мастакоў-самавукаў, якія працуюць з жывапіснымі і графічнымі матэрыяламі. Прэзентуюцца творы пяці мастакоў з г.Вілейкі, г.Узды, г.Копыля, г.Дзяржынска і г.Валожына.

Таленавітая Міншчына прадстаўлена цікавай экспазіцыяй мастакоў розных пакаленняў, але відавочна, што галоўнай крыніцай натхнення для нашых творцаў з’яўляецца прырода роднага краю ва ўсёй яе разнастайнасці. Удзельнікі выставы маюць цікавыя і складаныя творчыя і прафесійныя біяграфіі, але ў кожнага чырвонай ніццю праходзіць любоў да мастацтва, якая зарадзілася ў дзяцінстве…і захавалася на ўсё жыццё.

Своеасаблівым пачаткам экспазіцыі з’яўляюцца творы Івана Занкавіча (1912-1984), якія сёння захоўваюцца як экспанаты Вілейскага краязнаўчага музея. Акрамя карцін, глядач зможа азнаёміцца з дакументамі і артыкуламі ў прэсе, лістамі 1950-1970-х гг. якія распавядаюць пра творчы шлях мастака і яго супрацоўніцтва з Мінскім абласным Домам народнай творчасці (спадкаемцам якога з’яўляецца МАЦНТ). Іван Лявонавіч з’яўляўся студэнтам знакамітага Завочнага народнага ўніверсітэта мастацтваў у Маскве, і на выставе прадстваўлена яго перапіска з выкладчыкамі гэтай навучальнай установы.

Зоя Мікалаеўна Дзятчык усё жыццё працавала інжынерам, а актыўна пачала займацца мастатцтвам толькі ў 70 год, пры падтрымцы сваёй сям’і. На выставе мы можам убачыць яе «свет хараства»: акварэльныя і алейныя краявіды і нацюрморты.

Аляксандр Яўгенавіч Раманоўскі — ўдзельнік народнага калектыву майстроў народнай творчасці “Скарбонка” Капыльскага раённага цэнтра культуры. Зараз на пенсіі і можа ўсю сваю творчую энэргію скіраваць у мастацтва.

Віталь Герасікавіч Мкртчан прадстаўляе сваю серыю краявідаў (палатно, алей), выкананых пад натурнымі уражаннямі. Любоў да мастацтва ён захоўвае з часоў дзяцінства, негледзячы на складаныя павароты лёсу і адсутнасць прафесійнай падрыхтоўкі.

Аляксандр Пятровіч Шакун — самы малады мастак, з прадстаўленых на выставе, які жыве і працуе ў в. Саланая Валожынскага раёна.

Экспазіцыя арганізавана пры дапамозе ДУ «Вілейскі краязнаўчы музей», г.Вілейка; ДУК «Уздзенская цэнтральная раённая бібліятэка імя П.Труса», г.Узда; ДУК «Дзяржынская цэнтральнай раённая бібліятэка», г.Дзяржынск; ДУК «Валожынскі раённы цэнтр культуры», г. Валожын; ДУК «Капыльскі раённы цэнтр культуры», г. Копыль.

Выстаўка працуе з 26 чэрвеня па 28 ліпеня 2024 г.

 

Месца правядзення: мастацкая галерэя «Цэнтр» ДУ «Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці»
Адрас: Мінск, вул. Гікалы, 4
Час працы: сер-нядз: 11:00 — 19:00 (у перыяд з 28.06.2023 па 12.07.2023 пн-пт 11:00-17:00)
Тэл. 8017 342 50 76
@gallery_centre
Кошт уваходнага білета – 3 руб., студэнцкага, дзіцячага, ільготнага білета – 1 руб.