Копыльщина приняла областной семинар-практикум по сохранению культурного наследия
20 лютага на базе ўстаноў культуры Капыльскага раёна праходзіць абласны семінар-практыкум па нематэрыяльнай культурнай спадчыне для спецыялістаў раённых метадычных службаў па тэме: «Захаванне, папулярызацыя і пераемнасць традыцый».
Падчас семінара ўдзельнікі пазнаёміліся з асаблівасцямі захавання, архівавання сучасных фальклорна-этнаграфічных матэрыялаў. Эксперты з Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў установы адукацыі «Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў» і Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі выступілі з дакаладамі.
Знаёмства пачалося ў раённым цэнтры культуры з наведвання выставы «Чароўны лоскут». Тут сваю творчасць прадставілі ўдзельнікі народнага калектыву майстроў народнай творчасці «Скарбонка» РЦК пад кіраўніцтвам Галіны Гурло. Сярод аўтараў работ былі Бернарда Леаненка і Ганна Мароцкая. Прэзентаваўшы ўдзельнікам семінара калекцыю пад назвай «Нітка часу», Бернарда Станіславаўна адзначыла, што ўсе традыцыйныя элементы ўжо адаптаваны пад рэаліі XXI стагоддзя. Яна абсалютна пераканана ў тым, што любыя традыцыйныя формы застаюцца актуальнымі і значнымі толькі тады, калі яны гарманічна ўпісваюцца ў сучасны кантэкст і знаходзяць водгук у нашым паўсядзённым жыцці.
На адкрыцці семінара-практыкуму загадчык сектара культуры райвыканкама Алена Карпяленя адзначыла, што важна не проста захоўваць сваю культурную спадчыну і народнае багацце, але і дзяліцца вопытам:
– У нас сапраўды ёсць што паказаць і чым падзяліцца. У Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь уключаны 690 аб’ектаў, размешчаных у Мінскай вобласці. З іх 21 адносіцца да катэгорыі нематэрыяльнай культурнай спадчыны. На тэрыторыі Капыльшчыны налічваецца 42 аб’екты, якія ўнесены ў рэестр гісторыка-культурных каштоўнасцей, сярод якіх 40 з’яўляюцца матэрыяльнымі аб’ектамі і два ўяўляюць сабой нематэрыяльныя культурныя каштоўнасці, характэрныя для Семежава.
– Асаблівымі рысамі семяжоўцаў лічыцца працавітасць, асаблівая любоў да сваёй гісторыі і спадчыны, – адзначыла ў сваім дакладзе метадыст РЦК Настасся Янушка. – Не дзіўна, што менавіта тут, у Семежаве, адроджаны калядны абрад «Цары» і тэхніка закладнога ткацтва чырвона-белых ручнікоў.
У раённым цэнтры ткацтва прысутныя змаглі не проста азнаёміцца з дзейнасцю гэтай установы культуры, цікавымі экспазіцыямі, але і стаць удзельнікамі майстар-класа «Тканыя вырабы сваімі рукамі».
– За апошнія гады супрацоўнікі цэнтра дасканала асвоілі тэхніку ткацтва закладных ручнікоў і свае навыкі перадаюць навучэнцам «Школы ткачоў», – падкрэсліла загадчыца РЦТ Таццяна Волкава. – Дзеці з задавальненнем праводзяць экскурсіі па экспазіцыі цэнтра ткацтва, расказваюць пра асаблівасці семежаўскага закладнога ткацтва.
Таксама ў рамках семінара ўдзельнікі пабывалі ў Семежаўскім цэнтры культуры, дзе больш дасканала даведаліся пра адроджаны калядны абрад «Цары», які сваімі каранямі ідзе ў XVIII стагоддзе.
– Адметнаць абраду – у складзе ўдзельнікаў, касцюмах, дыялогах. А яшчэ ў тым, што праводзіцца ён толькі тут, у Семежаве. Нідзе больш у Беларусі гэты абрад не сустракаецца, – падкрэслілі ў сваіх выступленнях дырэктар установы Юлія Стрэлкіна і Таццяна Шаура, якая стаяла ля вытокаў захавання абраду, занесенага ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.
Уражаннямі пра ўдзел у абрадзе падзяліўся і Георгій Ціманаў, «цар» у трэцім пакаленні, сёння яго справу працягвае ўнук Данііл.
Падводячы вынікі семінара, удзельнікі аддзначылі, што захаванне і папулярызацыя такіх каштоўнасцей – важная задача не толькі для мясцовых жыхароў, але і для ўсёй Беларусі, бо менавіта ў нематэрыяльнай спадчыне жыве сапраўдны дух і культура народа. Такім чынам, Капыльшчына застаецца жывым прыкладам таго, як традыцыі могуць гарманічна суіснаваць з сучаснасцю, узбагачаючы і ўмацоўваючы культурную прастору краіны.
Автор: Татьяна Бохан
Материал данной статьи заимствован с сайта kopyl.by.