Калядны абрад “Цары” аг. Семежава Капыльскага раёна
- 22.11.2021 12:05
- 406

У аграгарадку Семежава захоўваецца і перадаецца з пакалення ў пакаленне правядзенне каляднага абраду “Цары”, які адным з першых набыў статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь (2007 г.).
На 4-й сесіі Міжурадавага камітэта ЮНЕСКА па захаванні нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якая праходзіла з 28 верасня па 2 кастрычніка 2009 года ў Абу-Дабі (Аб’яднаныя Арабскія Эміраты) было прынята рашэнне ўключыць гэты абрад у спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА, якой патрабуецца тэрміновая ахова.
Пра паходжанне абраду распавядае мясцовая легенда, запісаная ад жыхара в. Семежава Мікалая Афанасьевіча Скамароха, 1939 г.н. У ХVIII ст. у в.Семежава кватэраваў атрад рускай арміі. На Шчодры вечар вайскоўцы ў сваёй форме хадзілі па хатах, віншавалі гаспадароў, весялілі іх сцэнамі з папулярнай тады на тэрыторыі Беларусі драмы “Цар Максімільян”, атрымлівалі падарункі. Пасля таго, як рускія войскі пакінулі Семежава, ужо вясковыя жыхары перанялі забаву, перайначыўшы драму на свой лад, сталі пераапранацца ў калядныя строі, што мелі прататыпам вайсковую форму. Такіх калядоўшчыкаў у народзе празвалі “царамі”. Так, дзякуючы наслаенню элементаў розных часоў склаўся ўнікальны для Беларусі калядны абрад. Старажытны пласт каляднай абраднасці прадстаўляюць персанажы Дзед і Баба. Як і ў любым іншым калядным гурце, з Царамі ходзіць механоша.
Абрадавае дзеянне адбываецца ўвечары 13 студзеня. У гурт калядных цароў уваходзяць 7 маладых хлопцаў, апранутых у белыя кашулі, белыя штаны, падперазаныя чырвонымі семежаўскімі паясамі з геаметрычным арнаментам. Грудзі таксама перавязваюцца крыж-накрыж паясамі, на шыю павязваецца жаночая вялікая хустка “тараноўка” ў вялікую клетку або кветкі, якая закладваецца за паясы. На нагах – чорныя боты, на галаве – высокія папяровыя шапкі з рознакаляровымі кутасамі. Ва ўсіх Цароў з левага боку прымацавана шабля. Кожны з Цароў мае пэўнае імя – Цар Максімільян, Цар Мамай, Цар Іван Грозны – і паводзіць сябе ў адпаведнасці з гэтым вобразам. Акрамя Цароў у калядным гурце знаходзіцца Лекар, апрануты ў цёмную ваенную форму, боты, на галаве – фуражка, праз плячо – медыцынская сумка, у руках кардонны градуснік; музыка і барабаншчык. Гэта – так званыя “чыстыя маскі”. Хлопцы, якія выконваюць ролі цароў, імкнуцца апрануцца як мага прыгажэй, з форсам.
Акрамя іх, у складзе гурта абавязкова прысутнічаюць “нячыстыя маскі”: Дзед і Баба. Ролю Дзеда звычайна выконвае дзяўчына, апранутая ў як мага больш бруднае, рванае мужчынскае адзенне, твар яе выпэцканы сажай. Ролю Бабы выконвае вяртлявы хлопец, апрануты ў жаночае адзенне. Гэтыя персанажы забаўляюць гледачоў, робяць усялякую шкоду, абдымаюцца і цалуюцца паміж сабой і з прысутнымі, крадуць рэчы ў гаспадароў.
З Царамі ходзяць таксама механоша і музыка. Агульная колькасць удзельнікаў каляднага гурта складае 12 чалавек.
Цары збіраюцца і апранаюцца ўсе разам у якой-небудзь адной хаце, пасля выходзяць на вуліцу, выстрайваюцца па росту і пад гукі барабана маршыруюць. Паперадзе ідзе першы Цар – самы прыгожы і вясёлы хлопец, заключнымі ідуць барабаншчык з музыкам і механошам. Механоша ідзе з мяшком і цягне санкі, на якіх стаіць стул у выглядзе трона, што сімвалізуе ўладу Цароў. Лекар – галоўны камандзір, ідзе збоку. Калі кажа “налева”, то ідуць у хату, якая знаходзіцца з левага боку, “направа” – заходзяць у хату з правага боку. Маршыруюць Цары пад гукі барабана, побач з імі бягуць Дзед і Баба, у руках у Дзеда пуга. Калі пачынае цямнець, удзельнікі гурта запальваюць паходні для відовішча. Ходзяць у тыя хаты, дзе жывуць незамужнія дзяўчаты, або туды, куды запрашаюць загадзя. Зайшоўшы ў хату, разыгрываюць сцэнкі з бойкай паміж Царамі – рускім Максімільянам і азіяцкім Мамаем. Яны б’юцца на шаблях, пераможаным застаецца Мамай. Лекар пачынае яго “лячыць”, забаўляючы гледачоў жартамі. Баба і Дзед вырабляюць, што ўздумаюць, не пакідаючы без увагі прысутных. Пасля абыходу двароў калядоўшчыкі збіраюцца з пачастункамі ў адной хаце і ладзяць агульнае застолле.
Мясцовыя жыхары кажуць, што ў канцы пяцідзесятых гадоў ХХ стагоддзя абрад быў забаронены як рэлігійны, але ўсё ж здзяйсняўся. Потым неяк стаў забывацца, праводзіўся ўжо раз у некалькі год, але без былога размаху. Цароў “адкрылі” для грамадства амаль выпадкова. У 1996 годзе ў Капыльскім раёне праходзіла планавая этнаграфічная экспедыцыя Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Кандыдат гістарычных навук, старшы навуковы супрацоўнік інстытута Таццяна Кухаронак першай апісала абрад. Мясцовыя работнікі культуры, зразумеўшы яго каштоўнасць, пачалі работу над аднаўленнем абраду. Адным з першых, хто паспрабаваў сябе ў ролі Цара, быў сацыяльны работнік Георгій Ціманаў. Ужо ў студзені 1997 года абрад быў адноўлены. Ён зафіксаваны ў дакументальным фільме Белвідэацэнтра.
Акрамя абрадавага калектыву ўдзел у свяце прымаюць жыхары вёскі, кіраўнікі гаспадаркі, знакамітыя землякі, моладзь з суседніх вёсак. З наданнем “Царам” афіцыйнага статусу аб’екта гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь і асабліва з уключэннем абраду ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА, якой патрабуецца тэрміновая ахова, інтарэс грамадскасці да “Цароў” хутка ўзрос. З кожным годам у вёсцы Семежава 13 студзеня збіраецца ўсё больш і больш гасцей з усёй Беларусі і замежжа. Колькасць прысутных на абрадзе складае больш за 500 чалавек (улічваючы і турыстаў).
13 студзеня госці маюць магчымасць не толькі назіраць абрад “Цары”, але і наведаць Семежаўскі цэнтр ткацтва, што звычайна працуе ў гэты дзень і прапануе экскурсіі, падчас якіх турысты могуць даведацца пра гісторыю семежаўскага закладнога ткацтва.
Вясковыя жыхары арганізуюць кірмаш, на якім можна паспытаць семежаўскіх прысмакаў і нават набыць сёе-тое са скарбаў, якія мясцовыя гаспадыні дастаюць са старажытных куфраў. Гэта розныя тэкстыльныя вырабы: ручнікі, посцілкі. Да слова, традыцыйная кухня в. Семежава таксама прэтэндуе на атрыманне статусу элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны.
З уключэннем каляднага абраду “Цары” ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА Цары сталі галоўным брэндам Семежава і Капыльшчыны ў цэлым.
Поделиться в:
- 23.04.2025 10:15
Выстава «Свет, у якім я жыву…»


- 23.04.2025 08:47
Молодежно-патриотическая акция «Сохраним Беларусь для будущего»
- 22.04.2025 10:15
Тематическая площадка «Будущее для всех»


- 26.04.2025 14:54
Интерактивная площадка «ТВОРИМ ВМЕСТЕ»

- 24.04.2025 10:30
Отчётный концерт «Ветви творчества»
- 23.04.2025 10:15
Выстава «Свет, у якім я жыву…»


- 23.04.2025 08:47
Молодежно-патриотическая акция «Сохраним Беларусь для будущего»
- 22.04.2025 10:15
Тематическая площадка «Будущее для всех»


- 26.04.2025 14:54
Интерактивная площадка «ТВОРИМ ВМЕСТЕ»

- 24.04.2025 10:30
Отчётный концерт «Ветви творчества»
- 23.04.2025 10:15
Выстава «Свет, у якім я жыву…»
