ІНСІТНЫЯ МАСТАКІ МІНШЧЫНЫ: ПЕРСОНЫ. СТАРЫЯ ДАРОГІ — Минский областной центр народного творчества
Минский областной центр народного творчества

ІНСІТНЫЯ МАСТАКІ МІНШЧЫНЫ: ПЕРСОНЫ. СТАРЫЯ ДАРОГІ

ІНСІТНЫЯ МАСТАКІ МІНШЧЫНЫ: ПЕРСОНЫ. СТАРЫЯ ДАРОГІ

23 чэрвеня (пятніца) 2023 года а 17 гадзіне ў мастацкай галерэі ДУ «Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці» мае адбыцца адкрыццё выставы «ІНСІТНЫЯ МАСТАКІ МІНШЧЫНЫ: ПЕРСОНЫ. СТАРЫЯ ДАРОГІ»
Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці на базе мастацкай галерэі «Цэнтр» арганізуе цыкл выстаў мастакоў-самавукаў Міншчыны з мэтай падтрымкі, папулярызацыі і каталагізацыі іх творчасці. Гэта першая выстава з цыклу экспазіцый твораў таленавітых мастакоў-самавукаў, якія працуюць з жывапіснымі і графічнымі матэрыяламі. Стартуе праект з выставай работ чатырох мастакоў з г. Старыя Дарогі Мінскай вобласці. Кожны з іх мае свой непаўторны жыццёвы і творчы лёс, кожны вынайшаў асабістую творчую манеру і тэхніку працы з алейнымі або акрылавымі фарбамі, але майстроў аб’ядноўвае любоў да роднага старадарожскага краю. Экспазіцыя складаецца з жывапісных работ сярод якіх пераважаюць пейзажы.
Для дасягнення мары аб мастацтве ўдзельнікі выставы знаходзяць свае шляхі: сумяшчаюць творчасць з работай на вытворчасці або ў сельскай гаспадарцы, вучацца завочна, атрымліваюць спецыяльнасць, звязаную з мастацтвам.
Глінскі Мікалай Аляксандравіч усё жыццё працаваў як токар і электразваршчык, а жывапісам пачаў займацца толькі на пенсіі, творча пераасэнсоўваючы візуальныя прыклады папулярнай культуры.
Пятрушэня Андрэй Антонавіч звязаў свой працоўны лёс з сельскай гаспадаркай, а да мастацтва ішоў праз копіі карцін знакамітых мастакоў. На яго палотнах з шчырай любоўю да дэталяў узнаўляюцца, знаёмыя мастаку вясковыя і прыродныя краявіды.
Кахановіч Ніна Аляксееўна — паспяховая і таленавітая швачка, але ўсё жыццё імкнецца да творчасці ў розных яе праявах. Зараз на пенсіі і з задавальненнем піша карціны, напоўненыя непасрэдным любаваннем светам.
Самы малады мастак, з прадстаўленых на выставе — Юрэвіч Марына Аляксандраўна, якая ўпарта ідзе да сваёй мары. Распачаўшы шлях да прафесіі ў мастацкай школе, яна скончыла каледж, а зараз завочна атрымоўвае спецыяльнасць “настаўнік выяўленчага мастацтва”… і сама перадае веды дзецям у мастацкай школе…
Экспазіцыя арганізавана пры дапамозе ДУК “Старадарожскі раённы цэнтр культуры і адпачынку”.

Выстаўка працуе з 23 чэрвеня па 23 ліпеня 2023 г.

Месца правядзення: мастацкая галерэя «Цэнтр» ДУ «Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці»
Адрас: Мінск, вул. Гікалы, 4
Час працы: сер-нядз: 11:00 — 19:00 (у перыяд з 28.06.2023 па 12.07.2023 пн-пт 11:00-17:00)
Тэл. 8017 342 50 76
@gallery_centre
Кошт уваходнага білета – 2 руб., студэнцкага, дзіцячага, ільготнага білета – 1 руб.