На Любаншчыне прайшоў І адкрыты рэгіянальны фестываль-конкурс дзіцячага аматарскага харэаграфічнага мастацтва “Гарэзлівыя чаравічкі” — Минский областной центр народного творчества
Минский областной центр народного творчества

На Любаншчыне прайшоў І адкрыты рэгіянальны фестываль-конкурс дзіцячага аматарскага харэаграфічнага мастацтва “Гарэзлівыя чаравічкі”

Чароўную феерыю мелодый і рытмаў стварылі на сцэне Сароцкага сельскага Дома культуры ўдзельнікі І адкрытага рэгіянальнага фестывалю-конкурсу дзіцячага аматарскага харэаграфічнага мастацтва “Гарэзлівыя чаравічкі”, што ладзіўся на Любаншчыне упершыню.

– Мы чакалі яго доўга. А калі марыш, то жаданне абавязкова спаўняецца. І вось мы маем гонар распачынаць такі цудоўны фестываль, які абавязкова стане брэндам нашага раёна і будзе збіраць сапраўдных аматараў танца з розных рэгіёнаў. А танец – гэта цэлае жыццё, гэта самыя яскравыя эмоцыі і неверагодныя пачуцці не толькі для выканаўцаў, а і для гледачоў, – не хаваючы радасці, распавяла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Любанскага райвыканкама Таццяна Аляксеева.

І ўрачыста адкрыла фестываль, як новую старонку ў культуры Любаншчыны. А запоўнілі яе сваімі яркімі цудоўнымі выступленнямі аматарскія харэаграфічныя калектывы нашага раёна: “Тропы” дзіцячай школы мастацтваў, “Эдельвейс” Сароцкага СДК, узорны тэатр танца “Егоза”, а таксама Салігорскага, Слуцкага, Старадарожскага, Бярэзінскага, Смалявіцкага рэгіёнаў.

На сцэне і ў зале ДК было надзвычай горача ад відовішчнай дзеі. Прыгожыя патрыятычныя кампазіцыі змяняліся вясёлымі, запальнымі. Юныя танцоры захаплялі неверагоднай пластыкай, разнастайнасцю рухаў, цудоўным пачуццём музыкі, шыкоўнасцю касцюмаў. Кожны нумар быў свайго роду харэаграфічнай пастаноўкай. Рабяты быццам расказвалі гісторыі: гарэзлівых прывідаў, маленькіх купідонаў, руплівых машынабудаўнікоў, марскіх піратаў і іншыя. Здавалася, у кожнага ўдзельніка гарыць іскрынка ўнутры. І агеньчык ад яе перадаваўся гледачам, якія атрымлівалі шчырае задавальненне ад сустрэчы з мастацтвам і віталі калектывы гучнымі апладысментамі і выгукамі “Брава!”.

Можна ўявіць, наколькі няпроста ў такой сітуацыі прыйшлося журы. І хаця ў яго ўвайшлі прафесіяналы з вялікай літары – Марына Драпеза, намеснік старшыні камісіі па харэаграфіі Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, Вадзім Матанцаў, кіраўнік заслужанага калектыву “Сузор’е”, узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны ў сферы культуры, Вікторыя Ярмоленка, намеснік дырэктара абласнога цэнтра народнай творчасці, член камісіі па прысваенні і пацвярджэнні ганаровых званняў “узорны” і “народны”, якія выдатна валодаюць мовай танца, і яны вагаліся падчас падвядзення вынікаў. Але прынялі, канешне, справядлівае рашэнне па кожнай намінацыі (эстрадны і народны  танец (стылізацыя народнага) і ўзроставай катэгорыі (малодшай (6-10 гадоў), сярэдняй  (11-13) і старэйшай (14-17). На рахунку любанчан 13 узнагарод: “Егоза” сабрала тры залатыя, столькі ж срэбных і два бронзавыя чаравічкі, “Эдельвейс” – два срэбныя, “Тропы”– 3 бронзавыя. Гран-пры прысуджаны Любанскаму раёну за высокі ўзровень харэаграфічнага майстэрства і правядзенне конкурсу.

Па словах кіраўніка “Егозы” Алены Шымуль, якая не толькі рыхтавала рабят да выступлення, а і ўдзельнічала ў арганізацыі фестывалю, ён стаў сапраўдным святам танца, палётам дзіцячай душы, фантазіі і творчасці.

 

Наталля Вілента.

Фота аўтара.