ХХХI Рэспубліканская выстаўка сучаснай народнай торчасці КАЛЯДНЫЯ ЎЗОРЫ — Минский областной центр народного творчества
Минский областной центр народного творчества

ХХХI Рэспубліканская выстаўка сучаснай народнай торчасці КАЛЯДНЫЯ ЎЗОРЫ

З 19 снежня 2023 па 17 студзеня 2024 года ў выставачнай зале дзяржаўнай установы «Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці» (г. Мінск, Гікалы, 4) будзе праходзіць выстаўка «Калядныя ўзоры»

У святочны час, які поўніцца цудамі і сюрпрызамі, усіх, хто цікавіцца народным мастацтвам і традыцыйнай культурай, чакае прастора галерэі Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці, расквечаная каляднымі ўзорамі.

«Калядныя ўзоры» – выстаўка, якую ладзіць грамадскае аб’яднанне «Беларускі саюз майстроў народнай творчасці». Штогадовае мерапрыемства стала пазнавальным брэндам, які вабіць магчымасцю трапіць у атмасферу навагодніх святаў, пабачыць надзвычай шырокую панараму відаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, традыцыйных рамёстваў і промыслаў, якія развіваюцца ў нашай краіне. У выстаўцы бяруць удзел больш за 100 творцаў з усіх рэгіёнаў Беларусі. Аснову экспазіцыі складаюць работы членаў Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, таксама на выстаўцы можна будзе ўбачыць і  творы тых, хто прэтэндуе на ўступленне ў гэты творчы саюз. Старажытныя традыцыі беларускага народнага мастацтва, якія працягваюць сучасныя майстры, прадстаўлены ў разнастайных тэхніках і матэрыялах: мастацкая апрацоўка дрэва, ганчарства, коўка, вышыўка і ткацтва, карункапляценне, апрацоўка скуры, пляценне з прыродных матэрыялаў, роспіс па дрэве, палатне і шкле,  выцінанка і многае іншае.

Асабліва карыснай выстаўка будзе для дзяцей і юнацтва, бо дазволіць маладым людзям дакрануцца да духоўнай спадчыны, убачыць багацце творчых рашэнняў, тэхнічную дасканаласць і шматфункцыянальнасць традыцыйнага беларускага дэкаратыўна-прыкладнога  мастацтва.

На час экспанавання выставы запланаваны майстар-класы па стварэнні цацак з саломкі і паштовак з выцінанкай для тых, хто хоча бліжэй пазнаёміцца з вырабам традыцыйных мастацкіх твораў і паспрабаваць зрабіць калядны сувенір сваімі рукамі.

Выставачная зала працуе ў сераду-нядзелю з 11.00 да 19.00.

Даведкі па тэлефоне 8017 342 50 76.