Выстава «ТРАДЫЦЫІ І СУЧАСНАСЦЬ: ДРАЎЛЯНЫЯ ГІСТОРЫІ»
17 верасня (серада) 2025 года ў мастацкай галерэі ДУ «Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці» у 17.30 адбудзецца адкрыццё выставы «ТРАДЫЦЫІ І СУЧАСНАСЦЬ: ДРАЎЛЯНЫЯ ГІСТОРЫІ»
Выстава “Драўляныя гісторыі” – расповед пра непарыўнасць нацыянальных традыцый мастацкай апрацоўкі дрэва. Масток паміж традыцыяй і сучаснасцю пабудаваны пры дапамозе сумеснага экспанавання драўляных скульптур вядомага інсітнага разьбяра з Івянца Апалінарыя Фларыянавіча Пупко (1893-1984) і твораў маладых аўтараў, якія атрымоўваюць прафесійную адукацыю — навучэнцаў Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А.К.Глебава.
Мастацкую спадчыну івянецкага рэзчыка прадстаўляе Івянецкі музей традыцыйнай культуры — структурнае падраздзяленне дзяржаўнай установы “Валожынскі краязнаўчы музей”. Супрацоўнікі музея рупліва захоўваюць і папулярызуюць памяць аб сваім таленавітым земляку.
Акрамя гэтага на выставе можна будзе пабачыць унікальную калекцыю фотаздымкаў — плён фатаграфічнага “семінару” ў Івянцы 1984 года, які быў зладжаны ўдзельнікамі фотаклуба Мінскага абласнога навукова-метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветницкай работы (сёння МАЦНТ). На мастацкіх здымках аўтарства Сяргея Глоба мы можам пабачыць і Апалінарыя Пупко ў апошні год яго жыцця і яшчэ аднаго івянецкага разьбяра Вітольда Паплаўскага (1916-1990) і саміх фатографаў.
“Сучаснасць” прэзентуецца працамі навучэнцаў спецыяльнасці “дэкаратыўна-прыкладное мастацтва (мастацкая апрацоўка дрэва)” з метадычнага фонду знакамітай Глебаўкі. Глядач убачыць і інтэрпрэтацыю традыцый беларускага разьбярства і эксперыменты маладых творцаў: гэта рэльефы, круглая пластыка, цацкі з дрэва. Акрамя гэтага экспанаты адной з вітрын дазволяць зазірнуць на “творчую кухню” мастакоў па дрэву і ўбачыць шлях ад эскіза да яго ўвасаблення, пазнаёмяць з інструментамі рэзчыкаў па дрэву.
Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці ўжо другі год ажыццяўляе праект “Традыцыі і сучаснасць”, працягам якога з’яўляецца выстава “Драўляныя гісторыі”, што была арганізавана ў супрацоўніцтве з Мінскім дзяржаўным мастацкім каледжам імя А.К.Глебава і Івянецкім музеем традыцыйнай культуры.
Выстава працуе з 17 верасня па 12 кастрычніка 2025 г.
Месца правядзення: мастацкая галерэя «Цэнтр» ДУ «Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці»
Адрас: Мінск, вул. Гікалы, 4
Час працы: серада-нядзеля: 11:00 — 19:00
Тэл. 8017 342 50 76 @gallery_centre
Кошт уваходнага білета – 3 руб., студэнцкага, дзіцячага, ільготнага білета – 1 руб.