Верба, яйкі, кулічы — Вялікдзень рукамі старадарожскіх майстроў — Минский областной центр народного творчества
Минский областной центр народного творчества

Верба, яйкі, кулічы — Вялікдзень рукамі старадарожскіх майстроў

У цэнтры рамёстваў сабраны больш за 100 экспанатаў, створаных майстрамі старадарожскай зямлі. На раённай выставе-конкурсе “Вялікодных сюжэты” свае работы прадставілі дванаццаць творцаў. Вырабы розныя па памерах і адрозніваюцца дэкорам. Погляд адразу прыцягваюць вербы, упрыгожаныя самаробнымі кветачкамі, ад натуральных цяжка адрозніць. Сапраўдныя гаспадары выставы — яйкі. Якіх тут толькі няма: вязаныя, з бісеру, з рознакаляровай тканіны, з кардону, арыгінальна абшытыя карункамі. Курачкі, кураняты, сімвал года зайчаня — вачэй не адарваць: амігурумі кручком, мяккая цацка, з джута, з пражы, курыца-грэлка на чайнік.

Шмат цудоўных Вялікодных кампазіцый: вось жанчыны ідуць у царкву свяціць вербу, а вось чацвера стражаў-куранят ахоўваюць куліч і яйкі, кошыкі, поўныя рознакаляровых яек, а тут вялікая горка, з якіх яйкі скочваюцца, гнезды з яйкамі пад вярбой, маці-курачка з куранятамі, сустракаюць наведвальнікаў сямейкі зайцоў, прыгожая карціна: быццам з акна ты глядзіш на царкву, над якой лётаюць галубы, яйкі ў выглядзе жаніха і нявесты і шмат іншых. Ад усёй выставы вее дабром і святлом, гэта сапраўдныя святочныя героі Вялікадня.

Акрамя таго, што арганізатары хацелі парадаваць наведвальнікаў такой прыгажосцю і даць магчымасць умельцам пашырыць свае творчыя магчымасці, яны вырашылі зрабіць конкурс і выбралі найбольш арыгінальныя, на іх погляд, работы. У склад журы ўвайшлі дырэктар цэнтра Вольга Давыдкіна, метадыст цэнтра Таццяна Астроўская і дырэктар Старадарожскага клуба-бібліятэкі Валянціна Спадар. Журы вызгначылі намінацыі і пераможцаў “Вялікоднае яйка” — Марына Шаўцова, “Велікодная кампазіцыя” — Вікторыя Сыцік, “Свята Вялікадня” — Таццяна Хітрык, “Дэкаратыўнае пано” — удзельнікі гуртка “Умелыя рукі” Сінягоўскага сельскага клуба-бібліятэкі, “Фантазія” — Наталля Турэц, “Велікодны сувенір” — Святлана Хаміцкая.