Адкрыццё выставы «Сакрэты ідэальнай пасадкі» з праекту «Традыцыі і сучаснасць» — Минский областной центр народного творчества
Минский областной центр народного творчества

Адкрыццё выставы «Сакрэты ідэальнай пасадкі» з праекту «Традыцыі і сучаснасць»

У межах праекту «Традыцыі і сучаснасць», прымеркаванага да 85-годдзя дзяржаўнай установы «Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці» у мастацкай галерэі «Цэнтр» арганізавана выстаўка «Сакрэты ідэальнай пасадкі». Экспазіцыя прысвечана касцюму індывідуальнага пашыву 1950 – 1980-х гг.

Мэта выставы — паказаць моду другой паловы ХХ ст., прадэманстраваць плён працы, талент і мастацкі густ швачак Мінскай вобласці, якія працавалі ў складаныя пасляваенныя часы і ў перыяд аднаўлення краіны. Адзенне, створанае швачкамі па індывідуальным меркам, мела «ідэальную пасадку» і яскрава адлюстроўвала эстэтычныя густы замоўцаў.

Экспазіцыя фарміруецца з адзення не фабрычнай вытворчасці, а з вырабаў індывідуальнага пашыву, створаных на тэрыторыі Мінскай вобласці ў 1950 – 1980-х гг. Самапашыў і пашыў адзення ў атэлье або ў прыватных швачак з’яўляўся характэрнай тэндэнцыяй у пасляваенны час, калі прамысловасць яшчэ не магла ў поўнай меры забяспечыць патрэбы грамадства, а практычная кожная жанчына, асабліва ў вясковай мясцовасці традыцыйна ўмела шыць.

Вілейскі краязнаўчы музей прадстаўляе адзенне 1950-х гг. пераходнага перыяду, калі матэрыялы і тэхнікі аздаблення яшчэ былі традыцыйнымі — лён, бавоўна, ручная вышыўка, а фасоны ўжо становяцца сучаснымі, з уплывам гарадской моды.

Другую частку экспазіцыі складае калекцыя жаночага адзення 1970-х гг. з вёсак Мядзельскага раёна. У гэты час папулярным становіцца сінтэтычнае палатно, якое было лёгка мыць і прасаваць. Гэта летнія сукенкі з тканін з кветачнымі матывамі, дэмісезонныя паліто, строгія кашулі для адпаведных мерапрыемстваў.

Разнастайнае святочнае адзенне 1960 – 1980-х гадоў прадстаўлена экспанатамі з Стаўбцоўскага раённага цэнтра культуры, Капыльскага раённага цэнтра культуры і Старадарожскага цэнтра культуры і адпачынку.

Таксама ў экспазіцыі можна будзе пазнаёміцца з аксесуарамі сярэдзіны ХХ ст.: шалікамі, брошкамі і торбачкамі якімі жанчыны дапаўнялі модны ансамбль.

У перыяд з канца 1950-х і да канца 1980-х тэма стылю і знешняга выгляду ў насельніцтва стала вельмі папулярнай. Калі раней імкненне добра выглядаць і вылучацца магло сустрэць непрыязнае стаўленне грамадства, то зараз цікавасць да моды прызнавалася зусім звычайнай з’явай.

 

Падчас працы выстаўкі пройдуць куратарскія агляды выставы, працуе фотазона.

Выстава працуе з 14 лістапада па 15 снежня 2024 г.

Месца правядзення: мастацкая галерэя «Цэнтр» ДУ «Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці»

Адрас: Мінск, вул. Гікалы, 4

Час працы: серада-нядзеля: 11:00 — 19:00

Тэл. 8017 342 50 76              @gallery_centre

Кошт уваходнага білета – 3 руб., студэнцкага, дзіцячага, ільготнага білета – 1 руб.