«Маляваныя гісторыі» — Минский областной центр народного творчества
Минский областной центр народного творчества

«Маляваныя гісторыі»

15 лютага (серада) 2023 года а 17 гадзіне ў мастацкай галерэі ДУ «Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці» мае адбыцца адкрыццё выставы маляваных дываноў «Маляваныя гісторыі»
Маляваныя дываны з’яўляюцца ў беларускіх вёсках і мястэчках у 1920-1960-я гг. Выкарыстоўваючы даматканае палатно, афарбаванае ў чорны колер і фарбы, якія было можна знайсці ў гаспадарцы, людзі стваралі своеасаблівы магічны партал у свет сваіх мараў. Лічылася, што яны прыносяць шчасце, абараняюць чалавека ад усяго дрэннага. Таму і сюжэты дываноў былі традыцыйнымі, зразумелымі сялянам: вазон з прыгожымі кветкамі, птушкі, вельмі часта «райскі сад» з дзіўнымі жывёламі і птушкамі, закаханыя ў лодцы…
У нашай галерэі «Цэнтр» традыцыі і сучаснасць спалучаюцца, таму ў экспазіцыі прадстаўлены творы дзвюх сучасных мастачак, і сапраўдныя артэфакты з прыватнай калекцыі і з фондаў Музея старажытнабеларускай культуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Вольга Пілецкая – народны майстар Рэспублік Беларусь з Клецка. Яна ладзіць этнагарфічныя «вылазкі», пад час якіх рупліва збірае захаваўшыеся аб’екты народнай культуры. У сваіх маляваных дыванах Вольга імкнецца захоўваць іх традыцыйную спецыфіку: тэхналогію, лакальнасць плямаў, чыстыя колеры, стылізацыю, характэрных персанажаў.
Ірына Князева – займаецца папулярызацыяй маляваных дываноў з 2019 г. Яе маляваныя гісторыі адпавядаюць характэрнай для народных твораў функцыі: распавесці пра самае каштоўнае, цёплае і светлае. Кампазіцыйна і стылістычна творы Ірыны адпавядаюць інсітнаму мастацтву з яго шчырасцю і непасрэднасцю.
На нашай выставе глядач мае ўнікальную магчымасць убачыць сапраўдныя музейныя экспанаты – той найважнейшы падмурак, які сёння клапатліва захоўваецца, вывучаецца і дае натхненне мастакам і дызайнерам ХХI ст., а таксама вынікі сучаснай творчасці двух аўтараў, кожны з якіх па свойму інтэрпрэтуе і стылізуе формы і сюжэты народнай спадчыны.

Выстаўка працуе з 15 лютага па 5 сакавіка 2023 г.

Месца правядзення: мастацкая галерэя «Цэнтр» ДУ «Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці»
Адрас: Мінск, вул. Гікалы, 4
Час працы: серада-нядзеля: 11:00 — 19:00
Тэл. 8017 342 50 76
@gallery_centre
Кошт уваходнага білета – 2 руб., студэнцкага, дзіцячага, ільготнага білета – 1 руб.