Выстава «Наш маршрут»
18 верасня (серада) 2024 года ў 17.30 у мастацкай галерэі ДУ «Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці» мае адбыцца адкрыццё выстаўкі «НАШ МАРШРУТ».
Выстаўка арганізавана ў межах супрацоўніцтва з установай адукацыі «Мінскі дзяржаўны мастацкі каледж імя А.К.Глебава» дзеля падтрымкі і папулярызацыі творчасці таленавітай моладзі. У экспазіцыю ўвайшлі краявіды, створаныя навучэнцамі мастацкага каледжа падчас пленэрных практык у розных мясцінах Беларусі ў 2013–2023-м гг. Глядач выстаўкі, знаходзячыся ў залі галерэі, здзяйсняе спецыфічную вандроўку па «нашым маршруце»: Мінск, Навагрудак, Косава, Гродна, Свір, Пінск, беларускія вёсачкі.
Мэта выставачнага праекта – стварэнне ўмоў для выяўлення і падтрымкі творчых здольнасцей моладзі, азнаямленне грамадства з архітэктурным асяроддзем і асаблівай атмасферай беларускіх гарадоў і вёсак з дапамогай вобразаў выяўленчага мастацтва, а таксама забеспячэнне пераемнасці ад пакалення да пакалення традыцыйных для беларускага грамадства каштоўнасцей і культурных здабыткаў.
На працягу 77 гадоў выкладчыкі Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А. К. Глебава, перадаюць мастацкі вопыт, спрыяюць захаванню і папулярызацыі культуры Беларусі, адраджэнню традыцыйных унікальных тэхналогій. Выпускнікі Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А. К. Глебава плённа працуюць на Міншчыне і ў іншых кутках Беларусі. Гэта важны ўнёсак у фарміраваннем культурнага асяроддзя Мінскай вобласці.
Праца на пленэры — адзін з важнейшых складнікаў класічнай мастацкай адукацыі. Навучэнцы каледжа штогод у ліпені выязджаюць са сваімі выкладчыкамі ў маляўнічыя і гістарычныя мясціны Беларусі. Колеры зеляніны і неба, архітэктурная фактура, і, канешне, дух месца, натхняе юных мастакоў на эмацыйныя эцюдныя творы. Акрамя таго, творчая практыка абуджае ў сэрцах маладога пакалення цікаўнасць да гісторыі, гонар за культурныя дасягненні сваёй краіны. Навагрудскі замак, Палац Пуслоўскіх у Косава, гродзенскія і пінскія касцёлы, Свята-Духаў кафедральны сабор у Мінску… усё гэта складнікі «нашага маршрута», які ажывае і становіцца больш блізкім і зразумелым дзякуючы асэнсаванню праз мастацтва.
На выстаўцы прадстаўлены пленэрныя эцюды амаль 30 навучэнцаў мастацкага каледжа — гэта жывапіс алеем, акрылам, графічныя замалёўкі, якія былі створаны непасрэдна на натуры ў гарадах і вёсках Беларусі падчас летніх практык апошніх год.
ВЫСТАВА ПРАЦУЕ З 18 ВЕРСАНЯ ПА 13 КАСТРЫЧНІКА 2024 Г.
Месца правядзення: мастацкая галерэя «Цэнтр» ДУ «Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці»
Адрас: Мінск, вул. Гікалы, 4
Час працы: серада-нядзеля: 11:00 — 19:00
Тэл. 8017 342 50 76 @gallery_centre
Кошт уваходнага білета – 3 руб., студэнцкага, дзіцячага, ільготнага білета – 1 руб.